На чацвёртым West Metal Fest у Гродне выступілі Gods Tower. А пяты фэст можа стаць open air’ам

Гарадзенскі West Metal Fest выходзіць за рамкі проста добрага канцэрта. Гэта ўнікальны праект, які дае магчымасць пачуць і ўбачыць прызнаныя гурты, але ў той жа час не абыходзіць увагай маладых і пачынаючых.


Так WMF стварае індустрыю цяжкай музыкі ў Гродне: 8 снежня прайшоў WMF #4, на якім назіраўся сапраўдны аншлаг.

 

Усё пачынаецца значна раней за сам канцэрт, і кожны можа стаць сведкам яго паўстання. Па традыцыі ў сацсетках разыгрываліся білеты, была абраная Міс WMF, а крэатыўшчыкі маглі прапанаваць уласны конкурс і за гэта таксама атрымаць білет. WMF нават мае свае крылатыя выразы, якія зразумее толькі “свой”. Кшталту, “Ну, мы вып’ем – і зробім!”

 

Звычайна WMF пачынаееца з крыкаў у свой жа гонар. Гэтым разам наведнікі злавілі са сцэны арганізатараў Міхаіла і Юрыя і пранеслі іх па зале, выказваючы сваю павагу.

Першым выступіў мінскі гурт Bloodlast, які грае melodic death. Ужо з самага пачатку публіка ўвайшла у кураж і танцавала ды трэсла валасамі як магла. Фэст наведаў удзельнік папярэдняга WMF – барабаншчык Андрэй з Blinded by Silence, які апынуўся выдатным танцорам.

 

Як заўсёды, публіка падзялілася на тых, хто “слэміўся”, і тых, хто за гэтым назіраў. Хтосьці нават рызыкнуў заняцца стэйдждайвінгам: не ўсе скачкі былі ўдалымі, але ніхто не пацярпеў. Нават пасля заўвагі музыкаў, маўляў, яны самі ледзь на сцэне змяшчаюцца, заўзятары не спыняліся.

Яшчэ адна адметная фішка WMF – конкурсы. Шмат эмоцый выклікаў конкурс аматараў піва: удзельнікі павінны былі здагадацца, якой маркі піва яны выпілі. Тых, хто памыліўся, праводзілі з ганьбай, а пераможцам давалі… яшчэ піва.

Кожны мог паказаць свае таланты і здольнасці ў конкурсе “З Новым годам!”. Удзельнікі праспявалі навагоднія песенкі ў металёвай абробцы. Наўрадці іх можна будзе спяваць у такім выглядзе на дзіцячым ранішніку. А вось конкурс для дзяўчын многія маглі б назваць сэксісцкім, бо сэнс яго быў у… паказванні сваіх цудоўных жаночых форм.

Гурт Voice of Oblivion сустрэлі на “ура” не толькі з-за якаснай музыкі, але і таму, што бубнач каманды па сумяшчальніцтву яшчэ і арганізатар фэсту. Гэта быў адзіны гурт з жаночым вакалам і гэтым вылучаўся.

Blackrid з Оршы гралі наступнымі. “Лепшыя!” – крычаў нехта з зала. У любым выпадку, менавіта на іх быў самы жорсткі “мош”. Нягледзячы на гэта, гурт прасіў яшчэ “мяса” і падбадзёрваў публіку на яшчэ большы слэм.

Ужо вядомыя па папярэдных WMF гурт Ivorygod сыграў новыя песні, у тым ліку з новага EP. Але, пачуўшы, што хтосьці з прыхільнікаў хоча паслухаць старую песню, хлопцы ўзрадаваліся, расчуліліся і выканалі просьбу.

Gods Tower – легенду СНГ і не толькі – арганізатары збераглі на канец. Прыйшлося зрэзаць іх праграму, што засмуціла як публіку, так і саміх музыкантаў. Але музыкам было прыемна бачыць у зале шмат людзей, гатовых адрывацца. Сапраўды, многія з гледачоў прыйшлі менавіта на іх выступ. І музыканты апраўдалі спадзяванне. У той час зала была набітая як ніколі.

Некаторыя засталіся незадаволены гукам, але найбольш на такіх канцэртах людзей прываблівае атмасфера, энергетыка і жаданне “адарвацца”.

 

Ангеліна Вішнеўская, вядучая:

“Я вяла трэці і чацверты WMF. Лічу, што ў гэтага мерапрыемства з’яўляецца больш прыхільнікаў, натуральна, с кожным WMF планка ад добрых гуртоў уздымаецца да лепшых!”

 

Міхаіл Якаўлеў, арганізатар:

“Людзі бачаць толькі сам канцэрт, а велізарны кавалак працы не бачыць ніхто. Каб арганізаваць фэст, трэба ўваліць шмат грошай, часу і сіл. Гэта нават не заўседы акупаецца. Цяжка быць выступаючым і арганізатарам: мноства арганізацыйных пытанняў, а яшчэ і адыграць трэба… Вельмі шмат энергіі сыходзіць на тое, каб дамовіцца з гуртамі. Наступны WMF плануецца ў канцы вясны. Калі ўсё будзе добра, увалім open air”.

 

Здымкі: Ася Ў, grodno.in