Італьянскі бард Стэфана Кабэла: “Першы раз быў у СССР у 1988. Цяпер убачыў, што нічога не змянілася”
Адкрыла канцэрт аўтар і выканаўца Таццяна Салаўёва (на фота ніжэй). Па яе словах, менавіта Стэфана Кабэла выявіў жаданне, каб яна распачала выступ. Таму першыя некалькі песень – “Балада аб марской вадзе”, “Калышыце” – выканала Таццяна. Дапамагаў ёй перкусіяніст Ігар Адасік.
Пасля на сцэну выйшаў сам Стэфана і распавёў пра сябе:
“Я па адукацыі філолаг, у Веронскім універсітэце я вывучаў рускую мову. Па прафесіі я выкладчык гісторыі мастацтваў. Вось ужо 30 год я складаю вершы і песні. У Еўропе я даў каля тысячы канцэртаў. Для мяне вялікі гонар быць сёння тут, з вамі”.
Публіка пачула зусім іншую культуру, зусім іншае выкананне ад спевака з Вероны. Спакойныя павольныя песні, пранікнёныя светлым сумам, роздумамі пра жыццё і каханне, змяняліся вясёлымі лаціна-амерыканскімі матывамі.
Спявак адразу папярэдзіў, што ён трохі прыхварэў у Беларусі, бо для яго тут нязвыкла вільготнае надвор’е. Але ж гэта не сапсавала ўспрымання публікай твораў. Трохі зацягнутую настройку інструментаў музыкі таксама звязалі з перападамі надвор’я.
Слухачы пачулі шмат кампазіцый, сярод іх – “Назаўсёды”, названая аўтарам калыханкай, “Я спяю”, у якой чалавек кажа пра сваё жыццё і пра яго сэнс, “Калі ты прыйдзеш” – пра каханне, пра першую сустрэчу ды іншыя.
Майстэрства Стэфана было відавочным: зачароўвалі і прыемны голас, і мяккі тэмбр, і прыгожая музыка.
Многія свае песні Кабэла не раз называў смешнымі і дзіўнымі. Ён казаў, што нават на італьянскай мове тэксты пэўных твораў не адразу зразумееш, што гэта як гульня слоў.
Некаторыя яго песні створаны да кніг – класічных і аўтарства яго знаёмых. Гэта – “Спячая зямля”, “Хмары”, “Песня пра забойства”. Апошнюю песню спевака папрасіў напісаць яго сябра. Стэфана доўга не вырашаўся ствараць на такую тэму, бо ён лічыць сябе рамантычным чалавекам. Але ж у выніку і гэтая сумная песня з’явілася.
Падчас канцэрта музыка выказаў свае ўражанні ад Беларусі:
“Ведаеце, першы раз я тут быў яшчэ ў 1988 годзе ў Савецкім саюзе. І калі зараз я прыехаў у Мінск, то ўбачыў, што нічога не змянілася з тых часоў. Калі я ехаў у цягніку, то са мной ехалі двое: хлопец і дзяўчына. Я запытаўся у іх: “Можа, вам сыграць на гітары?” Але ад іх я не пачуў ні слова. У нас гэта было б дзіўна. І тады я зразумеў: я ў Беларусі (смяецца)”.
Скончыўшы сваё разважанне, Стэфана зноў звярнуўся да музыкі і зрабіў такую выснову:
“Музыка – гэта дар! Уяўляеце сабе жыццё без музыкі?.. Не! Таму што нават усе нашыя успаміны – праз музыку!”
Скончыў свой выступ італьянскі госць песняй на рускай мове. Ён напісаў мелодыю на верш Марыны Цвятаевай “Імя тваё – птушка ў руцэ”, прысвечаны Блоку. Гэта прыемна здзівіла публіку, якая паднялася і аддзячыла спеваку бурнымі апладысментамі.
Здымкі Яна Лялевіча