Яшчэ аднаго гарадзенскага журналіста папярэдзілі за працу на замежны СМІ

|

Следам за Алесем Дзянісавым і Алесем Кіркевічам, Андрэй Мялешка атрымаў папярэджанне за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі.


17 снежня журналіста выклікаў намеснік пракурора па Гродзенскай вобласці.

Паводле звестак пракуратуры, Мялешка 27 кастрычніка 2013 года браў інтэрв’ю і рабіў фотаздымкі падчас урачыстасцяў у гонар братоў Каліноўскіх, якія праходзілі ў Свіслачы. Пазьней рэпартаж з мерапрыемства з’явіўся на сайце Радыё Рацыя за подпісам Ігара Мікалаева.

 

Андрэй Мялешка:

Мне прадставілі фотаздымкі, зробленыя, напэўна, аператыўнікамі, дзе я трымаю ў руках дыктафон з надпісам “Радыё Рацыя”.

Гэта расцэньваецца як супрацоўніцтва з замежным неакрэдытаваным СМІ.

У папярэджанні напісана, што я хаваюся пад псеўданімам Ігар Мікалаеў.

Я патлумачыў, што я не супрацоўнік “Радыё Рацыя”, а незалежны журналіст, які супрацоўнічае з рознымі СМІ, Ігара Мікалаева не ведаю, але папярэджанне ўсё адно далі.

 

Андрэю Мялешку інкрымінуецца парушэнне арт. 22.9: “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”, а дакладней “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Журналіст збіраецца раіцца з юрыстамі і абскарджваць папярэджанне ў пракурора Гродзенскай вобласці.

 

3 снежня аналагічныя папярэджанні атрымалі гарадзенцы Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч. Ім таксама паказвалі фота, зробленыя на аснове аператыўнай з’ёмкі ў Свіслачы 27 кастрычніка: журналісты стаяць з камерай і мікрафонам, а подпіс аператыўніка сведчыць, што гэта – “супрацоўнікі польскага спутнікавага тэлебачання Белсат”.

 

У выпадку паўторнага папярэджання на працягу года, Кіркевічу, Дзянісаву і Мялешку пагражаюць штрафы ад 20 да 50 базавых велічынь.

 

Здымак з профілю Андрэя Мялешкі ў Facebook