“Кахаць і верыць”: Антон Янкоўскі пра веру, талент і натхненне ў цягніках
Выдавецтва “Мастацкая літаратура” выдала зборнік апавяданняў маладых пісьменнікаў пад рэдакцыяй Віктара Шніпа. Трапіў у гэты зборнік і Антон Янкоўскі. Як ён сцвярджае, самае прыемнае тое, што назва апавядання сугучна назве зборніка. “Адно з маіх апавяданняў называецца “Верыць і кахаць”, а сам зборнік называецца “Кахаць і верыць”. Не менш прыемным было і тое, што зборнік выйшаў акурат перад Новым годам.
“Свой матэрыял я дасылаў недзе паўгода таму. Чакаў-чакаў, ужо нават і забыў, што ён павінен выйсці. Аднойчы жонка ад знаёмага дазналася, што ў нейкай кнізе было мае прозвішча. Тут я і ўзгадаў пра зборнік”.
Антон Янкоўскі піша апавяданні, імпрэсіі, замалёўкі пра месца чалавека ў жыцці, пошукі кахання і веры. “Варта ці не варта верыць, варта ці не варта кахаць. Розныя гісторыі даказваюць, што трэба. Адно апавяданне нават гаворыць, што каханне – гэта вера, проста ёй далі такое велічнае імя – каханне. Але гэта адно і тое ж: верыць і кахаць”.
Антон мае ўласную трактоўку слова “вера” і кажа, што першапачаткова трэба верыць у самаго сябе. Тады гэта ўпэўненасць дасць сілы паверыць ва ўсё астатняе. І другі сэнс слова верыць – гэта быць шчырым, давяраць людзям.
На мае пытанне, як наконт Бога, Янкоўскі адказвае ўнікліва: “Пра гэта будзем гаварыць у наступнай аповесці “Рэха”. Твор ужо напісаны, рэдагуецца. Першая значная аповесць, як мне падаецца. Вялікая па змесце і моцная. У ёй будзе закранацца праблема такой хваробы як рак. Зараз з-за “Кубіка” вельмі часу не хапае, думаю, да вясны яна ўжо будзе гатова. Спадзяюся, што нейкі часопіс надрукуе яе”.
На пытанне, калі ён ўвогуле паспявае пісаць, Антон шчыра ўсміхаецца і адказвае, што апошнім часам пісаць паспявае толькі ў цягніку.
“Пасля двух напружаных тыдняў давялося ехаць начным цягніком у Мінск. Гэта было сапраўднае расслабленне, і нешта зноў пачалося пісацца. Шмат апавяданняў напісаны ад майго імя. Можа, у якімсьці плане я ўвасабляю сябе ў лірычным героі, таму што гэта мае думкі, мая пазіцыя. А з іншага боку, гэта размалявана маей бурхлівай фантазіяй.
Жонка Настасся – мой першы чытач, крытык, чалавек, які ведае чарнавыя і прамежкавыя версіі. Што мяне натхняе? Настаська натхняе, жыццё, цягнік… Калі ты заняты гэтай грамадскай мітуснёй, ты стамляешся. І калі робіш прыпынак, прыходзіць нейкая лёгкасць. Напэўна, гэта і ёсць натхненне. І ты пішаш”.
Як сцвярджае Антон, для яго няма розніцы паміж прозай і паэзіяй. “Тут хутчэй тэхнічныя пытанні. Верш можна парэдагаваць адзін, другі раз, і ён гатовы. А на прозу патрэбен час. У мяне ёсць дзве кнігі паэзіі. Наступнай будзе кніга прозы. Матэрыял ёсць – апавяданні, імпрэсіі, замалёўкі, аповесць. Калі кніга выйдзе, пакуль невядома”.
Антон шчыра прызнаўся, што не лічыць сябе таленавітым пісьменнікам – толькі пачынаючым. “Талент, ёсць ён ці няма, гэта час пакажа”. Таксама расказаў пра пісьменнікаў, якіх ён паважае.
“З апошніх Федарэнку чытаў, Арлова. Пра многіх аўтараў адсюль даведаўся, – Антон круціць у руках зборнік. – Я пішу больш класічна, а ёсць тыя, хто піша неяк нестандартна. Тыя ж самыя часопісы “Маладосць”, “Дзеяслоў” – там і маладыя, і сталыя аўтары. Любы якасны твор узбуджае. Нават калі ты не пісьменнік, ён выклікае ў цябе пачуцці, можа, і падштурхоўвае неяк падсвядомасць да пісання”.
“Ёсць і ў Гродне шмат аўтараў. Некаторыя з афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Андрэй Чапялюк адносна нядаўна пачынае пісаць. Пісьменнікі збіраюцца ў “Крызе”: вось, паэтычны слэм зладзілі, было восем удзельнікаў. Гэта таксама сведчыць, што хапае і паэтаў, і пісьменнікаў.
Сярод маіх студэнтаў ёсць тыя, хто піша. Некаторыя нават ведаюць, што я пішу, прыносяць творы, каб “зацаніць”, так сказаць. Некаторыя пішуць на ўзроўні юнацкага захаплення, парыву, некаторыя больш сур’ёзна пачынаюць займацца. Вось, Андрэй Чапялюк – выпускнік каледжа мастацтваў. Ведаў яго яшчэ студэнтам, чытаў вершы, а тут з прозай яго пазнаёміўся.
Ёсць выхадцы. Тая ж Старшыня гарадзенскага аддзялення СПБ Людміла Кебіч была выкладчыкам у былы час у каледжы мастацтваў”.
У зборніку апавяданняў маладых пісьменнікаў “Кахаць і верыць” змешчаны творы 30 маладых празаікаў Беларусі. Сярод іх гарадзенцы: Марыя Цітарчук, Антон Янкоўскі, Максім Гармаш, Андрэй Чапялюк, Кірыл Котаў і Таццяна Пяшко. | ||
Здымкі прадстаўленыя аўтарам, а таксама ў архіву “Твайго стылю”