Улад Васiлючак: “Я хачу працягнуць кантракт з клубам, Гродна – мой другі дом”
Футбольны сезон у Беларусі ўжо прайшоў. Раскажы нам, чым ты зараз займаешся?
Пасля заканчэння сезона прыехаў дадому ў Ліду. Да сваіх родных, па якіх вельмі засумаваў. Шмат часу праводжу з братам, з якім наведваем рэгулярна залу і басейн. Ужо хутка будзем рыхтавацца да перадсезонкi.
У дубле “Нёмана”
Пасля сыходу Чэрніка ты можаш паспрачацца з Рапалiсам за месца ў варотах. Як ты лічыш, ці пацягнеш вышку?
Калі Сяргей сыдзе, то, спадзяюся, у яго ўсё складзецца ў іншай камандзе. Бо ён вельмі таленавіты хлопец. На дадзены момант засталіся я і Марыус. Рапалiс вельмі моцны і дасведчаны брамнік, змагацца з ім за месца ў складзе будзе вельмі цяжка, а панюхаць пораху ў Вышэйшай лізе я ўжо гатовы. Спадзяюся, у наступным годзе ў мяне ўсё атрымаецца.
У гэтым годзе два нашых брамнікі, ты і Сяргей, дэбютавалі ў нацыянальных зборных. Гэта кажа пра тое, што наша школа варатароў мае высокі ўзровень. Як ты думаеш, за кошт каго ці чаго?
На колькі я ведаю, Сяргея выгадаваў Андрэй Станіслававіч Ашыхмін, ён жа і зараз з’яўляецца трэнерам варатароў у асноўнай камандзе. Мяне ж пачаў трэніраваць спачатку ў Лідзе Алег Леанідавіч Фралоў, ён з’яўляецца маім першым трэнерам.
Ужо ў Гродне я пачаў трэніравацца ў Рамана Юр’евіча Піўня і Сяргея Вацлававіча Бекіша. Бекіш пачаў навучаць мяне брамаваму майстэрству, бо ён сам былы брамнік.
Пасля таго як мяне перавялі ў першую каманду, грызу гэты граніт навукі з Ашыхміным, пакуль паспяхова. Выходзіць, што Сяргей вырас за кошт Ашыхміна і свайго ўласнага жадання быць мацнейшым.
Ты дэбютаваў у складзе моладзевай зборнай. Якое было пачуццё ад першага матча?
Мы гулялі ў Барысаве супраць французаў, дзеючых чэмпіёнаў свету, на жаль мы прайгралі 1:2. Мне далі шанец, я стараўся. І, думаю, адыграў добра. Але крыўдна, што прайгралі. Гэта была мая першая гульня на такім узроўні. Эмоцыі перапаўнялі, а пасля таго як Сарока пасля падачы Валадзько забіў Чэмпіёнам свету на другой хвіліне матчу – гэта было нешта. Гэтыя пацуццi не апісаць, я проста не верыў сваім вачам.
Да перапынку лік не змяніўся. А другі тайм французы пачалі гуляць яшчэ хутчэй і агрэсіўней. Пасля нам паставілі пенальці, якога, на мой погляд, не было, на жаль 1-1. I літаральна праз 10 хвілін нам забілі другі мяч, я прапусціў у блізкі кут. Думаў другі мяч павесяць на мяне, але трэнеры і іншыя футбалісты падтрымалі і сказалі: не хвалюйся, усё добра.
У зборнай. Пасля прапушчанага мяча…
Ходзяць чуткі, што ты не хочаш працягваць кантракт з “Нёманам”? Гэта так?
Я хачу працягнуць кантракт з клубам, бо Гродна гэта мой другі дом, пасля Ліды. Тут мяне навучылі гуляць у футбол і зрабілі мяне такім які я ёсць, я ўдзячны людзям якія мне дапамагалі з першага дня ў Гродне і не вельмі хочацца расставацца з iмi. У камандзе ў мяне з усімі добрыя адносіны: як з футбалістамі, так і з трэнерскім штабам, і змяняць прапіску мне не хочацца. Так што гэта ўсяго толькі чуткі.