Сяргей Чэрнік перайшоў у БАТЭ

|

Да заключэння кантракту з БАТЭ, Сяргей выступаў толькі ў адным клубе – гарадзенскім “Нёмане”: з 2005 да 2009 года, ён гуляў у дублюючым складзе, з 2010 – у асноўным.

 

За чатыры сезоны ў вышэйшай лізе Чэрнік правёў 98 матчаў (прапусціў 107 галоў, у 30 матчах пакідаў свае вароты некранутымі). У яго вароты пенальці прабіваліся дзевяць разоў, двойчы ён выходзіў пераможцам у дуэлі з пенальцістамі.

 

Мінулы сезон для Сяргея Чэрніка апынуўся самым паспяховым у кар’еры: ён правёў 31 сустрэч, прапусціў 29 галоў, 10 разоў згуляў “на нуль”). Яго каманда заняла чацвёртае месца, а Сяргей быў прызнаны лепшым варатаром нацыянальнага чэмпіянату. Увосень 2013 Чэрнік дэбютаваў у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі (15.11.13, Беларусь – Албанія – 0:0, адыграў увесь матч).

 

Чэрнік ўжо паспеў даць інтэрв’ю новаму клубу:

 

“Восем гадоў я верай і праўдай служыў “Нёману”. Гэта мой першы, і, не пабаюся гэтага слова, родны клуб. Але цяпер, прымерыўшы футболку БАТЭ, гатовы гэтак жа аддана абараняць колеры барысаўчан. Гэта мой другі дом, а мой абавязак – абараняць яго сцены. Абавязак ганаровы і прыемны”.

 

Што ж, пажадаем Сяргею поспехаў ў новым клубе, вялікіх і гучных перамог, як у нацыянальным чэмпіянаце, так і на еўрапейскай арэне.

 

Сяргей паабяцаў па прыездзе ў Гродна звязацца з нашым карэспандэнтам, каб забраць свой заслужаны падарунак.

 

Пасля завяршэння чэмпіянату гарадзенскі “Нёман” пакінулі тры гульцы асноўнага складу: Эссаме, Савасцьянаў і Чэрнік. Хто будзе наступны? Ходзяць чуткі, што “Шахцёр” цікавіцца Вітусам, а “Гомель” – Зубовічам.


Здымак fcbate.by