Гарадзенскія кавярні ўчора і сёння: “Южный вечер”, “Куфэрак”, “Корица”

     
  Публікуем на “Тваім стылі” матэрыял партала TUT.BY з серыі “Гродненский общепит вчера и сегодня”.  
     

 

“Гісторыю “Паўднёвага вечара” трэба пачынаць з безназоўнага савецкага кафэ, якое ўмоўна называлі “Трыанон”. Яно знаходзілася ў зусім іншым месцы – у паўпадвале па вул. Тэльмана”, – расказвае гісторык архітэктуры Ігар Трусаў, у мінулым часты госць бара.

 

Размяшчэнне кафэ побач з міліцыяй і КДБ наўпрост уплывала на публіку: супрацоўнікі органаў, якія працавалі ў суседніх будынках, забягалі ў “Трыанон” перад працай і падчас абедзеннага перапынку – там была нядрэнная па мерках СССР кава.


“Падчас працы можна было выскачыць нібыта на каву, а на самай справе прапусціць чаркі тры каньяку. Цяпер у іх з гэтым больш строга, – успамінае Ігар Трусаў. – Там, дзе цяпер следчы аддзел КДБ, знаходзілася кантора па рэстаўрацыі, дзе я працаваў, таму з гэтай публікай мы пастаянна перасякаліся. Месца было сімпатычнае, хоць там трэба было стаяць, сядзячых месцаў не было”.

 

У кафэ была свая публіка і амаль не бывалі “чужыя”. Працуючая там, цяпер ужо нябожчыца, спадарыня па імяні Ганна, са сваімі супрацоўніцамі перайшла потым працаваць у “Паўднёвы вечар”. З ёй перавандравалі і пастаянныя кліенты.


“Калі не памыляюся, “Паўднёвы вечар” адкрываўся як кааператыў, і першымі гаспадарамі былі так званыя “асобы каўказскай нацыянальнасці”. Але яны проста ўклалі туды грошы, самі там не працавалі. Ганна, Святлана і яшчэ адна дзяўчына з “Трыанона” разам з мужамі ўліліся ў гэты кааператыў і вельмі хутка яго выкупілі”, – распавядае Ігар.

 

“Паўднёвы вечар” размясціўся ў паўпадвале, у доме па вул. Віленскай, 6. Як пісаў у 2004 годзе ў часопісе беларусаў Польшчы “Czasopis” гродзенскі журналіст Юры Гумянюк, бар, адкрыты ў 1988 годзе грузінам Муратам Чхаідзэ, быў ці не першай прыватнай установай такога тыпу.

 

Як распавёў Ігар Трусаў, публіка там была цікавая – часткова з суседняга “Віленскага” бара, часткова “малінавыя пінжакі”. “Гэта быў час, калі з’явіўся рэкет і, відаць па ўсім, установу “курыравалі”. Таму там заўсёды было ціха, спакойна і без эксцэсаў”.

 

Публіка, як і ў “Трыаноне”, была свая і пастаянная. “У малінавым пінжаку прыходзіў таварыш інтэлігентнага выгляду, пра якога я думаў, што ён працуе ў банку. Ён ніколі не замаўляў алкаголь, толькі каву і пірожнае. Нядаўна я перасекся з ім на нейкай канферэнцыі, і аказалася, што і ў той час ён працаваў у філіяле Акадэміі навук Беларусі”, – распавядае Ігар.

 

“Паўднёвы вечар” адкрыўся ў самым звычайным падвале, таму пастаяннай праблемай там была вільгаць і, як эфект, цвіль. Сцены прыходзілася стала падфарбоўваць.

 

Успомніў Ігар Трусаў і адну пацешную гісторыю: “Аднойчы ў “Паўднёвым вечары” я пачуў ад нябожчыка прафесара Ткачова, што сцены кафэ – гэта Віленская брама гродзенскіх муроў XVI стагоддзя. Трэба сказаць, што ў прафесара і так зрок быў не вельмі , а ў той раз ён яшчэ і выпіў. У выніку ў адно з наступных наведванняў “Паўднёвага вечара” ў больш адэкватным стане Ткачоў пераканаўся, што гэта дакладна не Віленская брама. Хоць яна сапраўды размяшчалася дзесьці побач”.


Першапачатковы варыянт з тымі ж трыма гаспадынямі існаваў да пачатку 2000-х. “Пры бандытах было неяк лягчэй, а калі пачалі курыраваць сапраўдная падатковая і сапраўдная санстанцыя, тады іх і выціснулі” – рэзюмуе Ігар.

Куфэрак, 2004

 

Згодна з усё тым жа артыкулам Юрыя Гуменюка ў “Czasopis”, кавярня “Куфэрак” адкрылася ў гэтым жа сутарэнні 14 лютага 2004 года. Памяшканне ўзялі ў арэнду Вольга і Мікалай Хвашчынскія, якія з 1986 года да развалу СССР жылі ў Рызе – атмасферу менавіта тамтэйшых традыцыйных еўрапейскіх кавярняў яны хацелі прыўнесці ў Гродна.

 

Інтэр’еры “Куфэрка” былі пазнавальныя дзякуючы серыі работ у тэхніцы батык ад гродзенскага мастака Генадзя Лакоба, які родам з Абхазіі, а таксама ўпрыгожванням з саломкі. У пераходзе паміж двума малюсенькімі заламі вісела своеасаблівая “дошка аб’яў”, дзе кожны мог пакінуць запіску. Меню было на беларускай мове.

 

Новыя гаспадары рабілі стаўку на добрую каву і добрую музыку, якія і стваралі атмасферу месца. Не дзіўна, бо Вольга Хвашчынская не толькі прадпрымальнік, але і бард.

 

Пра “Куфэрак” Ігар Трусаў распавядае ўжо менш: “Там збіралася цікавая публіка, часта беларускамоўная. Віталася прынесеная з сабой музыка. Бандыты або селі, або сталі легальнымі грамадзянамі. А я тады ўжо пачаў хадзіць радзей, хоць кавы заставалася добрай”.

 

У “Куфэрку”, у параўнанні з “Паўднёвым вечарам”, з’явілася больш істотная ежа. Раней там можна было з’есці хіба што пірожнае ці бутэрброд, разагрэты ў мікрахвалёўцы (верагодна, адной з першых у горадзе).

 

У самым кафэ і ва ўнутраным дворыку будынка праходзілі канцэрты гродзенскіх і прыезджых музыкаў: джаз-калектыву Stoptime, рок-гуртоў “Соцыум”, Galafinol, “Тихий час” і іншых. У “Куфэрку” свой першы гродзенскі канцэрт адыграў вядомы музыкант з Мінска Атмараві. Пасля канцэрту ў лютым 2006 года ён у сваім блогу назваў “Куфэрак” “месцам сустрэчы мясцовага бамонду” і “гродзенскім Графіці”.

 

Пагартаўшы старую “Студэнцкую думку” за 2005 год, давевдаешся, што “Куфэрак” быў адным з некалькіх месцаў, дзе ў Гродне можна было атрымаць гэты арыгінальны моладзевы часопіс.

 

“Куфэрак” зачыніўся на рамонт у ліпені 2006. Неўзабаве стала вядома, што яго прадалі новым гаспадарам, якім было нецікава працягваць традыцыі ўстановы. Знікла беларускамоўнае меню, не было больш канцэртаў. Новы “Куфэрак” адкрыўся ў верасні таго ж года і неўзабаве змяніў назву на “Корица”.

Новым гаспадарам удалося ўзгадніць пашырэнне – кавярня павялічылася ў два разы, з’явілася рэальная магчымасць гатаваць ежу. Але гэта не дапамагло “Корице” атрымаць хоць бы частку той папулярнасці, якая была ў “Паўднёвага вечара” і “Куфэрка”.

 

Пра “Куфэрак” успамінае гарадзенец Андрэй Мялешка: “Тут можна было не толькі сустрэцца з сябрамі, але і пагаварыць з гарадскімі знакамітасцямі. Успамінаю святкаванне там свайго юбілею, калі ў залу набілася больш за 50 чалавек, а ля ўваходу група выконвала жывую музыку.


А яшчэ ў “Куфэрку” быў адзін з узроўняў гульні гродзенскага праекта “Найтсіці”. Гульцам трэба было знайсці бутлегера з кнігі О. Генры “Каралі і капуста” і напаіць яго любімым напоем. У ход ішлі і піва, і гарэлка, і тэкіла. Але па сцэнары гульні бутлегер піў толькі каньяк.


Кіраўніцтва “Куфэрка” любіла завабліваць гродзенцаў касцюмаванымі шоў на святы: Каляды або Новы год. Асабліва цікавым было касцюміраванае шоў у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі загрымаваныя пад п’яных матросаў гродзенцы спрабавалі браць штурмам, як у старым савецкім кіно, краты ўваходу ў бліжэйшую ўстанову”.

Цяпер у інтэр’ерах “Корицы” больш кітайскіх матываў, хаця некалькі год таму заўважныя былі індыйскія элементы

 

Напэўна, шматлікія гродзенцы ўсё яшчэ памятаюць бар “Паўднёвы вечар” ці кавярню “Куфэрак”, або чулі пра іх ад старэйшага пакалення. Сваімі ўспамінамі вы можаце падзяліцца ў каментарах тут і на TUT.BY.