Ігар Случак дзеліцца віншаваннем, якое атрымаў ад “Нёмана”
Узгадаем уражанні Случака ад атрыманага адказу:
“Змястоўны, добразычлівы адказ прыйшоў з ФК “Нёман” па пытанні беларускай мовы. Быў дадзены адказ па кожнаму пытанню, хоць пакуль да рэалізацыі пажаданняў, як падаецца, далёка.
[…]
Адным словам, нават калі гэта і адпіска, але напісана пісьменна і з густам, да якой цяжка наўпрост падкапацца. Таму ж ФК “Гомель” трэба павучыцца працы ў галіне камунікацыі з грамадскасцю, бо там спачатку пачалі прыгожа і тлуста мёдам мазаць, а ў выніку скаціліся да фарcу і гістэрыкi”.
Больш пра адказ “Нёмана” Ігару Случаку чытайце тут. | ||
Зусім нядаўна спадару Случаку прыйшло навагодняе віншаванне ад клуба. Гэтым віншаваннем ён вырашыў падзяліцца з намі.
“Лічу, што гэта не толькі прыемны знак увагі да мяне, але і да ўсіх прыхільнікаў “Справаводства па-беларуску!”. Бо якраз з перапіскі наконт пашырэння ўжывання беларускай мовы ў клубе нашы стасункі з “Нёманам” і пачаліся. І, як бачна, клуб словы на вецер не кідае. Сваю віншавальную паштоўку прэс-служба выканала па-беларуску. Ну і за “спадара” на канверце асобная ўдзячнасць. Посьпехаў ФК “Нёман” у будучым чэмпіянаце і медалёў, зразумела!”
Прэс-аташэ “Нёмана” Пётр Карнаўх даў невялікі каментар з гэтай нагоды:
“Беларуская мова – наша родная мова. Таму было б лагічна, як можна больш яе ўжываць. Аднак варта памятаць, што асноўная частка насельніцтва размаўляе на рускай мове. У мінулым годзе мы завялі афіцыйны канал на YouTube – ён на беларускай мове. Рабілі ўсе застаўкі для інтэрнэт-трансляцыі таксама на беларускай мове. Магу сказаць адназначна – мы пастараемся павялічыць яе прысутнасць. Гродна не адразу будаваўся…”
А вы як лiчыце, ці варта нашаму футболу пераходзіць на беларускую мову? Выказвайцеся ў каментарах!