Медыкі гарадзенскай хуткай дапамогі сустрэліся з чыноўнікамі, каб абмеркаваць свае праблемы

У невялікай зале сабралася некалькі дзясяткаў чалавек: як звычайных фельчараў і ўрачоў, гэтак і прадстаўнікоў кіраўніцтва. Сустрэцца і абмеркаваць праблемы, якія ўзнікаюць у працы хуткай дапамогі, прапанавалі самі супрацоўнікі. Размова атрымалася гарачай і месцамі вострай.

 

Распачаў сустрэчу Андрэй Стрыжак з дэманстрацыі раздруковак артыкулаў, што былі апублікаваныя апошнімі днямі на TUT.BY. Толькі адзін з іх датычыў сітуацыі ў Гродне, у прыватнасці супрацоўнікі хуткай інфармавалі, што, хаця сітуацыя ў Гродне лепшая за мінскую, яны падтрымліваюць калег па шэрагу пытанняў.

 

Між іншым, гарадзенскія медыкі лічаць, што трэба прыняць асобны закон “Аб хуткай дапамозе”, палепшыць сацыяльныя гарантыі і ўнесці змены ў правілы дарожнага руху, каб адназначна даць машыне хуткай дапамогі з мігалкамі прыярытэт. На момант сходу пад патрабаваннямі было сабрана 68 подпісаў.

 

Сабралася поўная зала медыкаў: многія стаялі нават у дзвярах

 

Пытанні па ўмовах працы, якія былі важныя для мінчукоў, гарадзенцы не ўздымалі – на тутэйшых станцыях яны прымальныя. Адзіная станцыя, якая патрабуе паляпшэння – на вул. Лелявеля, але, па меркаванні Андрэя Стрыжака, праводзіць рамонт станцыі немэтазгодна – лепш яе зруйнаваць і выкарыстаць пад новую станцыю памяшканні станцыі пералівання крыві, што дабудоўваецца на вул. Кабяка. Што тычыцца станцыі на Карбышава, то ў гэтым годзе будзе праведзена ўпарадкаванне тэрыторыі.

 

Андрэй Стрыжак паведаміў, што са зваротам медыкаў, які ён атрымаў ад галоўнага ўрача Аляксандра Байгіна, ён хадзіў да старшыні гарвыканкама Андрэя Худыка і да кіраўніка вобласці Уладзіміра Краўцова, а таксама размаўляў з міністрам аховы здароўя. Чыноўнікі назвалі патрабаванні супрацоўнікаў хуткай адэкватнымі і абгрунтаванымі.

 

Сярод патрабаванняў медыкаў – замацаванне юрыдычна статусу ўрача хуткай дапамогі праз прыняцце закона “Аб хуткай дапамозе”. Вядома, гэтае пытанне вырашаецца не ў адзін дзень і не ў Гродне, а на цэнтральным узроўні.

 

Іншае пытанне – ўвесці страхаванне ад няшчасных выпадкаў у часе працы. Тут і сам спадар Стрыжак быў здзіўлены адсутнасцю страховак, але паабяцаў, што пытанне можна вырашыць цягам тыдня праз “Белдзяржстрах”.

 

Адным з самых складаных пытанняў апынулася пытанне сацыяльных гарантый, а перадусім – жылля. Маладым спецыялістам, які прыходзяць працаваць у ахову здароўя ў Гродне ніхто не ў стане прапанаваць месца ў інтэрнаце, бо ўласнай жылплошчы ў шпіталей і хуткай дапамогі няма.

 

Змена, за якую актыўна выказваліся прысутныя на сустрэчы, гэта забарона працы па адным медычным супрацоўніку ў брыгадзе. Па словах Андрэя Стрыжака, укамплектаванасць хуткай дапамогі ў Гродне большая, чым у Мінску і іншых рэгіёнах, штогод кадры абнаўляюцца. Гэтае патрабаванне ён назваў абгрунтаваным, бо датычыць непасрэдна бяспекі медыкаў – факты агрэсіі ў адносінах да іх фіксуюцца даволі часта.

 

Супрацоўнікі хуткай хацелі б таксама, каб былі больш дакладна вызначаны паказанні па выкліку хуткай дапамогі і патлумачана паняцце неабгрунтаванага выкліку, а таксама, магчыма, была ўведзена адказнасць за неабгрунтаваны выклік. Па словах медыкаў, людзі вельмі часта ўспрымаюць хуткую дапамогу ледзь не як бясплатнае таксі.

 

Самае цяжкае пытанне для медыкаў – павышэнне зарплаты. Андрэй Стрыжак узгадаў, што ў мінулым годзе была спроба павысіць заробкі на 20%, але “не атрымалася”. Паводле інфармацыю, якую прадставіў спадар Стрыжак, сярэдняя зарплата ў хуткай дапамозе для дактароў – 5,1 млн рублёў. Што праўда, гэтую інфармацыю ўдзельнікі схода сустрэлі гучным здзіўленнем. Спадар Стрыжак паабяцаў, што гарадскія ўлады пацікавяцца, колькі грошай з гарадскога бюджэту можна будзе накіраваць для павышэння заробкаў у хуткай дапамозе.

 

Разабраўшыся з патрабаваннямі, што сабраныя ў лісце медыкаў, Андрэй Стрыжак прасіў задаваць пытанні з залы. Такіх пытанняў хапіла яшчэ на дзве гадзіны актыўнай дыскусіі.

 

Медыкі пыталіся ў кіраўніцтва: чаму на аўтамабілях стаяць летнія шыны, колькі месцаў у інтэрнатах іншых прадпрыемстваў удалося атрымаць для медыкаў, ці можна павялічыць кампенсацыі для тых, хто афіцыйна здымае жытло (зараз такая даплата складае адну базавую) і ці можна збудаваць для медыкаў дом, так як нядаўна пачалі будаваць для настаўнікаў і супрацоўнікаў МНС і МУС.

 

Бальючай тэмай апынуўся працэнт шпіталізацыі прывезеных хворых. Ад таго, колькі адсоткаў прывезеных людзей сапраўды патрабавалі шпіталізацыі, залежаць надбаўкі, як выказаўся галоўны ўрач, “за творчасць”, якія маюць стымуляваць прафесійнае развіццё. Аднак такі спосаб ацэнкі многіх медыкаў не задавальняе, асабліва фельчараў, якія працуюць самастойна, па адным чалавеку ў брыгадзе.

 

Па словах супрацоўнікаў хуткай дапамогі, Працоўны кодэкс Беларусі змяніў сітуацыю медыкаў так, што яны ўжо не працуюць на 1,25 ці 1,5 стаўкі, але маюць звышгадзіны, праз што ў практыцы зараблюць менш. Але гэта немагчыма змяніць інакш, як змяніўшы Працоўны кодэкс.

 

Іншае пытанне – стан аўтамабіляў. З гэтым, па словах чыноўнікаў, сітуацыя лепшая. У мінулым годзе было пастаўлена 10 новых машын, у гэтым годзе чакаецца яшчэ сем і адзін рэанімабіль. Аднак стан радыёсувязі цалкам незадавальняючы – патрабуецца новая радыёстанцыя і абсталяванне, агульным коштам 500 мільёнаў рублёў. Але хуткая дапамога атрымала на гэта толькі 180 мільёнаў.

 

Гарадскія ўлады на сустрэчы прадстаўляла таксама намесніца старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша. Яна патлумачыла, што ў горадзе вельмі шмат бюджэтнікаў, якія патрабуюць павышэння зарплаты, там больш, што нядаўна горад атрымаў на баланс былыя “азотаўскія” дзіцячыя сады. Па словах спадарыні Кулешы, гарадскія ўлады думаюць пра бюджэтнікаў, але павысіць заробкі ўсім адразу не могуць.

 

Андрэй Стрыжак паабяцаў, што абавязкова сустрэнецца з медыкамі на наступным тыдні, пасля таго, як абмяркуе іх праблемы ў гар- і аблвыканкаме.