Апытанне “Твайго стылю”: Чэмпіянат свету ў “Год гасціннасці”

|

У Беларусi гэты год улады абвесцілі “Годам гасціннасці” – перадусім у сувязі з чэмпіянатам па хакеі, які пройдзе ў Мінску. Гарадзенцы адказываюць на пытанні “Твайго стылю”: Ці беларусы гэта гасцінны народ? У чым гэта выяўляецца? Што запамятаюць з нашай краіны замежнікі, якія прыедуць на чэмпіянат?


Слава, студэнт

Думаю, што беларусы гасцінны народ, але не сказаў бы што на ўсе 100%. Я, наведаўшы ўсе вялікія гарады Беларусі, акрамя Віцебска, назіраў, што ў Мінску народ не надта гасцінны. Пытаешся, як, куды-небудзь прайсці, і не ўсе людзі з усмешкай і энтузіязмам тлумачаць дарогу. Людзі там крыху “сталічныя”, не такія, як мы ў перыферыі. Напрыклад, у Брэсце, ледзь не даходзіла да таго, што мясцовыя казалі: “Ідзі за мной, я пакажу”, і ўсё гэта з усмешкай і г.д.

 

Мая дзяўчына кожнае лета ездзіць у Італію да сваякоў. Ужо пяць гадоў кажа, што гасцінней народа яна не бачыла. Там гатовыя на руках насіць, ледзь не дадому клікаць на абед. Яна сказала, што беларусы ўмеюць сустракаць, але не вельмі ўмеюць зрабіць, каб чалавек сябе далей добра адчуваў, так як пры сустрэчы.

 

А вось мае сваякі з Польшчы і Германіі кажуць, што людзі вельмі гасцінныя ў нас. Не ведаю, як яны гэта для сябе вызначаюць.

 

Замежнікі запомняць добры хакей, на які яны і прыедуць паглядзець. Прыгожыя месцы Мінска, добрую арганізацыю чэмпіянату, а таксама нашу бульбу. Хоць і ў іх яна ёсць, але я думаю, не такая смачная.

 

Іна, студэнтка

Усе славяне гасцінныя. Усё праяўляецца ў тым, як яны сустракаюць і ставяцца да гасцей. Для іх ствараюцца лепшыя ўмовы: лепшае спальнае месца, стол павінен заўсёды быць поўны розных страў і выпіўкі, лепшая праграма. Запомняць наш сардэчны народ, нашу прыроду і культуру. Ну і, вядома ж, нізкія цэны для іх.

 

Юлія, студэнтка

Беларусы забіты народ і ўсё, што ў іх засталося ад гасціннасці, улады выбіваюць палкамі і венікамі. Што могуць запомніць замежнікі? Яны запомняць тое, што ім дадуць для агляду: усю мішуру і шчаслівы, задаволены, нічога не разумеючы народ. Замежнікі прыедуць забаўляцца, а не калупацца ў бруднай бялізне палітыкі, таму ўсе з’едуць задаволеныя і з добрымі ўражаннямі.

 

Мікалай, бізнесмен

Беларусы вельмі негасцінны народ, гэта можна прасачыць на любой сельскай дыскатэцы або ў суседнім раёне. У Беларусаў існуе два тыпы гасцей: брат і вораг.

 

Брат гэта калі ты маеш зносіны з беларусам, спрачаешся з ім, слухаеш яго, ведаеш яго і г.д. Для брата беларус гасцінны, здыме апошнюю кашулю, накорміць, напоіць, заўсёды дапаможа.

 

Вораг гэта калі госць, але не замежнік, з’яўляецца на тэрыторыі няпрошаным, нечаканым і незнаёмым. Гэтага чалавека беларус ненавідзіць, бо не ведае яго. Беларусы ў сваёй большасці з’яўляюцца не індывідамі, а статкавымі, постсавецкімі жыхарамі Беларусі, якія ўсім зайздросцяць, усё ў іх вакол вінаватыя і г.д.

 

Але калі з’яўляецца сапраўдны іншаземец, то ўсе хочуць яму дагадзіць і ён аўтаматычна станавіцца “братам”.

 

Замежнікі, поколькі будуць тусавацца ў Мінску і ваколіцах, запомняць чысціню горада, тое, як у кабаках іх паспрабуюць падмануць, на здачы кватэры аблічыць – увогуле ў гэтым плане беларусы будуць нават горш за егіпцян-абарыгенаў.

 

Але ў цэлым арганізацыя чэмпіянату замежнікам спадабаецца. Будзе паказная карцінка для іх.

 

Аляксей, эканаміст

Літаральна на днях размаўляў з аўтастопшчыкамі з Украіны і Расіі, якія прыязджалі на Каляды ў Мінск. Хлопцы адзначылі беларускую гасціннасць. Ім, відавочна, лепш відаць, чым мясцовым жыхарам.

 

Аднак, засталіся ўражанні і са знакам “мінус” – у першую чаргу гэта тычыцца wi-fi ў рэстаранах і кавярнях, а дакладней, яго адсутнасці. Калі дадзеная праблема не будзе вырашана – меркаванне замежнікаў пра Беларусь будзе сур’ёзна сапсавана.

 

Андрэй, палітолаг

Буду да пераможнага канца ўяўляць байкот, хаця б ад некалькіх заходніх удзельнікаў. Нікога ніякай гасціннасцю не здзівіць, ды і тэрмін вельмі няпэўны. Цэннік у мінскіх гасцініцах будзе крыху ніжэй, чым у Хельсінкі або Стакгольме, ці дзе там праводзілі апошнія ЧС. Замежнікі паглядзяць на вылізаныя вуліцы і бібліятэку-кубік і адправяцца дадому.

 

Ганна, журналістка

Вельмі цікавае апытанне. Нас здаўна называюць гасціннымі, але насамрэч мы даўно перасталі быць такімі. Чаму? Мы ў адносінах адзін да аднаго не гасцінныя, што ўжо казаць пра замежнікаў, на якіх беларусы часта глядзяць з зайздрасцю, з’ядаюць вачыма любога “нянашага” і ў душы ненавідзяць яго за тое, што ён грамадзянін іншай краіны.

 

Хаця гэта адносіцца не да ўсіх. Ёсць сярод нас і добразычлівыя людзі, якія гатовыя даць прытулак, накарміць і сагрэць кожнага.

 

Што ж тычыцца ЧС па хакеі, то, замежнікам запомніцца наша “брылiянтавая” бібліятэка, зіма без снегу, чысціня на вуліцах, паненкі беларускія і нацыянальная кухня (гарэлка, дранікі, шкваркі).

 

Дзмітрый, сантэхнік

“Год гасціннасці” аб’явілі па дзвюх прычынах: Чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску і 70 гадоў вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

Наш народ, я думаю, гасцінны. Нездарма ж замежнікі з кожным годам усё часцей наведваюць нашу краіну, і нямала людзей робяць на гэтым добрыя грошы. У нас выдатная прырода, цэнтр Еўропы, усюды чыста і акуратна. Думаю, госці Беларусі будуць задаволеныя, і доўга будуць успамінаць візіт да нас.

 

Ігар, гісторык

Беларусы – вельмі гасцінны і ветлівы народ. У кожнага з нас ёсць знаёмыя за мяжой. Яны нас запрашаюць, мы іх. У Беларусі шмат што можна ўбачыць. Людзі і без чэмпіянатаў да нас прыязжаюць. Нехта жадае наведаць радзіму продкаў, ішыя – паглядзець на цікавую архітэктуру.

 

Чэмпіянат па хакеі – асаблівая нагода. Тут трэба паказаць не толькі нашае мінулае, але і сучаснасць. Замежнікі прызвычаіліся да добрага сэрвісу, смачнай ежы, якасных тавараў. Беларусь можа ўсё гэта даць гасцям чэмпіянату. Галоўнае, каб паспелі добра падрыхтавацца і вырашылі ўсе пытанні.

 

Сяргей, студэнт

Так, беларусы гасцінны народ. У нас людзі не такія зазнаўшыяся, як у той жа Расіі. Падыйдзі да любога чалавека на вуліцы, спытай час або як прайсці кудысьці – усе людзі адкажуць з усмешкай і дапамогуць. Ніхто ні на каго не злуецца.

 

Замежнікі запамятаюць, на жаль, тое, што ў нас мала людзей ведаюць англiйскую мову. Я ўпэўнены, што мала хто зможа распавесці замежніку, як прайсці кудысьці. А станоўчае – запомняць, што мы адкрытыя для зносін.

 

Аляксандр, студэнт

Мне наогул незразумелыя прычыны, па якіх называюць так званыя “гады”, гэта аддае саўковым душком.

 

Я ўсё ж лічу, што беларусы дастаткова гасцiнны народ , у параўнанні з тымі ж немцамі, да якіх у госці прыносяць усё з сабой. У нас жа імкнуцца як мага больш усё прыўкрасіць, асабліва калі прымаеш у сябе ў гасцях сябра дзяцінства, з якім даўно не бачыўся.

 

Замежнікі, што прыедуць да нас, адзначаць чысціню мінскіх вуліц, маркотныя асобы мінакоў (у беларусаў калі часта ўсміхаешся, то думаюць што ты альбо дурань альбо накраў шмат), павальнае няведанне англійскай мовы.

 

Яўген, журналіст

Вось пісьменнік Ніл Гілевіч пісаў, што “мы сваёй гасціннасцю вядомы”. Мяркую, так гістарычна склалася, што наш народ увесь час цярпеў ад прыходу ворагаў. Цярпеў і трымаўся, не лез на ражон, бо лічыў, што будзе яшчэ горш. На маю думку, беларуская гасціннасць – вынік звышталерантнасці.

 

С другога боку, добра, што мы гасцінныя, але разам з гэтым мы павінны быць гаспадарамі на сваёй зямлі, і ні ў якім разе не дазваляць іншым тут гаспадарыць. У кожнай хаце беларус паставіць на стол апошняе, каб госці адчувалі сябе ўтульна.

 

Лічу, на чэмпіянаце свету нам будзе чым здзівіць замежнікаў. Гэта, у першую чаргу, наша прыроднае багацце, чысціня гарадоў. Упэўнены, што хакейныя аматары будуць прыемна здзіўленыя нашымі аграсядзібамі. І, канешне, трэба арганізаваць гандаль, каб турысты мелі магчымасць набыць сабе сувеніры. Гэтая рэч галоўнае, што купляюць госці нашай краіны.

 

Дзмітрый, менеджар

Мяркую, што ЧС па хакею на нашу гасціннасць мала у чым паўплывае. Мы і так рады бачыць гасцей. Заўсёды ў Беларусі была чысціня навокал, ды і беларусы падкажуць як і куды прайсці, пакажуць лепшае, што у іх ёсць.

 

Іншая справа, ці спраўдзяцца чаканні турыстаў. Вось, напрыклад, яны шмат чулі пра вялікую гісторыю ВКЛ і другую сталіцу Рэчы Паспалітай, але ці адчуюць і пабачаць яны яе ў Гродне? Ці, калі яны паспрабуюць дабрацца з Мiнску да Гродна на любым транспарце, ці адчуюць яны задавальненне ад дарогі М6 ці цягніка? Кошты прывабныя, але і турысты ёсць розныя, ім трэба даць магчымасць выбару паміж добрым і танным. Тое самае з гатэлямі, ці кавярнямі, выбар якіх невялікі.

 

Візы для замежных гледачоў адмянілі, а як быць з чэргамі на мяжы? Кажуць, што Беларусь гэта мекка для кампутаршчыкаў, але знайсці free Wi-Fi на вакзалах, у кавярнях ці крамах складана.

 

Такія мерапрыемствы, як Чэмпіянат свету, мяняюць падыход нашага чынавенства да турыстаў. Але мы толькі ў пачатку гэтага шляху, і каб турысты сапраўды маглі пабачыць Беларусь з лепшага боку, трэба яшчэ правесці не адну Алімпіяду.

 

***

 

Каб падняць сваім чытачам настрой, “Твой стыль” вырашыў у канцы гэтага апытання пазнаёміць вас з новым трэкам на тэму Чэмпіянату свету па хакеі ад паэта-песенніка са Слуцка Дзмітрыя Рудакоўскага. Асцярожна пра праглядзе, магчымыя моцныя атакі смеху!

 

А што вы думаеце пра гасціннасць беларусаў? Ці адчуюць яе госці чэмпіянату? Якое ўражанне складзецца ў іх ад нашай краіны? Выказвайцеся ў каментарах!