Беларусы зноў усталявалі рэкорд па вывазе тавараў з Польшчы: 250 мільёнаў еўра ў 2013 годзе
Як паведамляе падляшская Мытная служба, інфармацыю пра тавары на такую вялікую суму мытнікі атрымалі з больш чым мільёна дакументаў Tax Free, якія ім прадставілі каля 300 тысяч падарожных.
Паводле мытнікаў, цягам апошніх год цікавасць да закупаў з магчымасцю вярнуць падатак VAT толькі расце. У 2012 годзе праз мяжу з Беларуссю вывезлі тавараў на амаль 200 млн еўра, у 2011 – на 167 млн. Нязменна сярод замежнікаў карыстаецца попытам тэхніка, а таксама прадукты харчавання.
Польскія мытнікі таксама паведамілі, што рэгістрацыя дакументаў Tax Free ў інтэрнэце карыстаецца ўсё большай папулярнасцю – у снежні 2013 года ажно 30% усіх дакументаў на вяртанне VAT былі загадзя зарэгістраваныя ў сеціве. Гэта дазваляе скараціць працэдуру на мяжы да мінімуму. Гэтаксама ў Кузніцы і Баброўніках асобы з зарэгістраванымі на сайце granica.gov.pl дакументамі могуць скарыстацца з асобнай паласы руху.
Здымкі падляшскай Мытнай службы