“Dark Jazz” без саксафонаў: адкрылася выстава фотаімправізацый Яўгена Кандратовіча

|

Прэзентаваныя здымкі адлюстроўваюць тое, як фатограф бачыць начное жыццё горада. Кандратовіч цешыўся, што на вернісажы з’явілася шмат ягоных сяброў ды знаемых, бо дзякуючы выставе “яны ўбачылі, чым я займаюся”. “Ходзіць недзе з васьмі вечара да пяці ранку”, – пажартаваў хтосьці. Дарэчы, менавіта ў пазначаны наведнікам выставы час і зробленыя прэзентаваныя фатаграфіі. “Хтосьці з наведвальнікаў ужо нават пазнаў сябе на фота”, – адказаў з усмешкай на рэпліку фатограф.

Звяртаючыся да наведвальнікаў выставы, Яўген Кандратовіч распавёў пра сэнс  яе назвы.

 

“Чаму “Dark Jazz”, калі вы тут не бачыце аніводнага саксафона? Джаз з’явіўся як імправізацыя. І прэзентаваныя  фота – таксама імправізацыя. Я збіраў іх з 2010 года. Нейкія канцэрты, цёмныя вуліцы, выпадковыя моманты. Ну, і… калі я пачаў гэтым займацца, мяне натхняў менавіта джаз”, – патлумачыў Яўген.

 

Падчас адкрыцця выставы Яўген атрымаў дыплом ад намесніка старшыні фотаклуба “Гродна” Людмілы Войда. У сваю чаргу Яўген Кандратовіч падзякаваў як кіраўніцтву фотаклуба, так і ўладальніцы антыкавярні Кацярыне Забелінай, за мажлівасць прэзентаваць свае працы.

Пасля ўрачыстай часткі антыкавярня хутка напоўнілася пахам кавы і гарбаты. Наведвальнікі мелі магчымасць пад музыку паглядзець слайд-шоў са здымкаў Яўгена. Пасля запрошаныя ім музыкі – Андрэй “Пітон” і Мікола Палякоў з “Дзецюкоў” ды Аляксандр Радзько з “Людзей на балоце” – пачалі граць імправізацыі. Мяккая, спакойная музыка ў спалучэнні з начнымі фота стварала адмысловую атмасферу.

Наведвальнікі выставы разбіліся на групы і актыўна абмяркоўвалі фотапрацы. Таксама можна было ўзяць на памяць паштоўкі з аўтографам Яўгена. Некаторыя з наведвальнікаў падыходзілі да фотамайстра і пыталіся пра ідэю тых ці іншых фота. Яўген ахвотна адказваў на ўсе пытанні.