Акустычныя вечары ў рэстаране “Тапаз” заціраюць межы паміж музыкамі і слухачамі

|

Першыя вячоркі ў “Тапазе”прайшлі яшчэ ў снежні мінулага году. У другіх, якія адбыліся 19 студзеня, прынялі удзел артысты з ТраSянкин Band, Фёдар Жывалеўскі (лідар гурта “Голая Манашка”), Аляксей Петрык і гурт “Утки”. Кожны з гуртоў нечым вылучаўся на агульным фоне.

Гурт “Утки” (на фота вышэй) ўжо добра вядомы гарадзенцам. Ён пазіцыянуе сябе як прадстаўнік плыні “фрык-року”. У сваіх песнях музыкі высмейваюць усё, што трапляецца ім на вочы. Колькасць прыхільнікаў “Утак” даволі сталая, таксама як і рэпертуар. “Усе гэтыя песні я ўжо чула”, – скардзілася адна з наведвальніц другіх вячорак у “Тапазе”. Каб хоць неяк кампенсаваць публіцы недасыт, “Утки” раздавалі прысутным наклейкі з выявамі саміх сябе.

 

Змяніў “Утак” на сцэне Аляксей Петрык. Ён выступіў з сур’езнымі лірычнымі баладамі пра каханне.

 

Фёдар Жывалеўскі, лідар мінскага гурта “Голая Манашка”, праспяваў сусветныя стандарды ў перакладзе на беларускую мову. Прагучалі між іншым кампазіцыі Leadbelly і Radiohead. Фёдар выканаў таксама некалькі песен, па матывах твораў сваіх сяброў-музыкаў. Адметнасцю выступу Фёдара было тое, што ён спяваў і размаўляў з публікай выключна на беларускай мове.

 

Апошнім выступіў вакаліст і гітарыст гурта з красамоўнай назвай ТраSянкин Band. Як можна здагадацца з назвы, гурт выконвае песні на трасянцы. “Ведаеце, беларусы – дзіўны народ. Ён размаўляе ані на беларускай, ані на рускай мове, а на нейкай сумесі і той і другой. Спяваючы на трасянцы, мы імкнемся іранізаваць з гэтага феномену”, – патлумачыў выступоўца моўную асаблівасць сваёй творчасці.

 

 

Пасля завяршэння канцэрту “Твой стыль” паразмаўляў з ягоным арганізатарам Максімам Скавіньскім.


Чаму ты ладзіш акустычныя вечары?

 

Аднойчы раніцай я прачнуўся і зразумеў, што ў Гродне не хапае канцэртаў, месцаў, куды можна было б прыйсці і паслухаць музыку ў акустычным выкананні. Каб выправіць сітуацыю, я і вырашыў даць гарадзенцам новы глыток акустыкі.


Як ты знаходзіш музыкаў?

 

Некаторыя знайшліся самі – даведаліся пра вячоркі і папрасілі выступіць на іх. Пра іншых я ведаў, што яны выдатныя музыкі і вырашыў даць ім магчымасць заявіць пра сябе перад гарадзенскай моладдзю. З Аляксеем Петрыкам, напрыклад, мы пазнаёміліся выпадкова на канцэрце. З ТраSянкин Band – праз агульных знаёмых. А ўжо вакаліст гэтага гурта парэкамендаваў Фёдара Жывалеўскага.


Чаму вячоркі ладзіш  менавіта ў “Тапазе”?

 

Бо гэты рэстаран знаходзіцца каля майго дома.


Ці хапае ў Гродне музыкаў неабходнага для акустычных вячорак фармату? Ці не занадта мала энергіі выходзіць ад публікі?

 

Канешне, я б хацеў, каб на гэтыя сустрэчы прыходзіла больш людзей. І каб публіка рэагавала больш эмацыйна, бо энергія публікі вельмі патрэбная музыкам. Вельмі хочацца, каб адпачываючыя ў рэстаране выходзілі з-за сталоў, танцавалі, паводзілі сябе больш актыўна.

 

***

 

На акустычных вячорках у “Тапазе” кожны наведвальнік можа асабіста пазнаёміцца з музыкамі. Пасля выступу яны займаюць месцы сярод слухачоў і да іх кожны можа падыйсці, каб пагутарыць.