Міс Гродна 2014: Ігар Леговіч пра гісторыю, перапынак і адраджэнне

|

Чаму менавіта ў Гродна прайшоў першы конкурс прыгажосці ў Беларусі і ў Савецкім Саюзе ў цэлым? Гэта заканамернасць ці выпадковасць?

 

Ці першы ў Савецкім Саюзе, не магу сказаць, бо ў мяне проста няма такіх звестак. Але што першы ў Беларусі – гэта дакладна. Усе ж такі мы знаходзіліся на заходніх межах Савецкага Саюза, праз якія шлі ўсе новыя павевы. У гэтым нейкая заканамернасць.

 

А выпадковасць у тым, што гэта мне ўдалося дзякуючы некалькiм людзям, якiх мне пашчаслiвiлася сустрэць на сваём шляху. Гэта перадусім першы сакратар гаркома партыі Аляксандр Іванавіч Алешын. У канцы  1980-х партыйная iдэалогiя кiравала ўсiм у нашай краiне. Было вельмі шмат пытанняў ад  чыноўнікаў, каторыя лічылі, што гэта буржуазныя павевы: “Як гэта так, мы самі добра сваіх савецкіх жанчын ведаем. Нам ніякія адзнакі буржуазныя непатрэбныя!”. А ён сказаў: “Будзем рабіць”. Дзякуючы гэтаму i пачалося. I гісторыя даказала, што конкурс  стаў калі не самым, дык адным з найбольш шумных і чаканых мерапрыемстваў рэгіёна.

 

У 1987 годзе, калі я пачаў гэтым займацца, мне пашчаслівілася сустрэць цудоўнага чалавека–дырэктара балетнай школы з Беластока Пятра Янушкоўскага, які дагэтуль мой добры сябар. Ён рабіў у сябе конкурсы ў Польшчы, у яго была добрая падрыхтоўка, і, галоўнае, разуменне сутнасці гэтага конкурса. Ён дапамог мне ўсё гэта ўвесці ў тэхналагічную канву. Таму вось вам аб’ектыўны фактар – мяжа, і суб’ектыўны фактар – канкрэтныя людзі.


align=”left” alt=”Королева Красоты, Мисс Гродно 2014, Міс Гродна” >Па вядомых прычынах быў перапынак у гэтым конкурсе. Чаму менавіта праз дзевяць гадоў, у 2014, ён адрадзіўся?

 

У 2005 выйшаў закон пра гандаль людзьмі. І разам з мадэльнымі агенствамі “паляцелі“ ўсе конкурсы прыгажосці і нават танцавальныя конкурсы. Гэта, зноў жа, залежала ад канкрэтных асоб. Адны людзі ўсяляк дапамагалі, развівалі. Напрыклад, Брыкач і Губіч – кiраўнiкi абласнога ўпраўлення культуры ў канцы 80-х – пачатку 90-х. Мы з імі ездзілі па раёнах, падымалі інтарэс да конкурса. Жыццё ў маленькіх гарадах шэрае. А гэта свята, якое робіцца на мясцовых матэрыялах, за кошт мясцовых рэсурсаў. І людзі пачалі гэта рабіць. А адным махам нехта ўсё перакрэсліў.

 

Потым у мяне пайшлі іншыя праекты. Год назад паспрабаваў рэаніміраваць “Міс Гродна”, але з-за фінансавых пытанняў не ўдалося. У гэтым годзе,будзем спадзявацца, усё ў парадку будзе.

 

Крытэрыі адбору дзяўчат змяніліся за гэты час?

 

Не, крытэрыі на працягу многіх дзесяцігоддзяў застаюцца нязменнымі  ва ўсіх конкурсах. У нас дапускаюцца дзяўчыны ад 16 да 24 гадоў, ростам не менш за 168 см. Хаця, на міжнародныя конкурсы Міс Свет, Міс Сусвет дзяўчыны дапускаюцца з 18 гадоў, ростам ад 170 см. На рэгіянальных конкурсах больш лаяльны падыход да гэтага пытання. Але ніжэй за 168 мы не можам браць. Непрыгожа, праўда, калі дзяўчына будзе з шэрагу выпадаць? Ёсць конкурсы Міні-Міс, там крытэрыі крыху іншыя.


Як адбіраюцца дзяўчыны?

 

З дзвюх-трох соцень дзяўчат мы павінны выбраць 16. Зразумела, гэта павінны рабіць спецыялісты, якія з імі потым будуць працаваць: рэжысёр, балетмейстар, акцёры, вядучыя, фатографы… А ў фінале мы стараемся задзейнічаць нейкіх спецыялістаў, якія маюць дачыненне да конкурса: мастакі, фотамастакі, людзі мастацтва, балетмейстары, прадстаўнікі спонсараў.

 

У нас ёсць такая практыка: многія даведваюцца пра тое, што яны члены журы, толькі напярэдадні, за два-тры дні да фінала. Каб не было ніякіх суб’ектыўных ацэнак. Я, як член журы, не магу ўплываць на іншых членаў. Запоўніў сваю картку для галасавання і аддаў сакратару, які абагульняе пад кантролем грамадскасці.

“Міс глядацкіх сімпатый” увогуле выбіраюць гледачы. Усё максімальна аб’ектыўна. Ёсць тыя, хто гаворыць, што на конкурсах прыгажосці ўсё куплена, усё заранёў вырашана… Так, магчыма, недзе там. Але не на нашым конкурсе. Я такія думкі проста ігнарую, гэта заведама няпраўда. Навошта ўступаць у дэбаты, я лепш усё справай дакажу.

 

Усе, хто прыходзяць сюды, пераконваюцца, што ўсё аб’ектыўна, ніхто нікога не падсуджвае. Падбадзёрваем усіх, натуральна. Часта “Міс глядацкіх сімпатый” супадае з думкай журы і ёй аказваецца пераможца конкурса. Або, ва ўсякім разе, адна з трох галоўных пераможцаў конкурса.

 

Якія яшчэ ёсць намінацыі?

 

На кожным конкурсе па-рознаму, залежыць ад фінансавых магчымасцей конкурса, колькасці прызоў. Часта засноўваем акрамя “Міс Гродна”,першай і другой Віцэ-Міс, таксама Прыз глядацкіх сімпатый і“Міс Фота”. “Міс Сяброўства” дзяўчыны паміж сабой самі выбіраюць. Нашы партнёры засноўваюць свае намінацыі. Напрыклад, “Вячэрні Гродна” – наш пастаянны інфармацыйны партнёр, яны заўсёды выбіралі “Міс-Вячорку”.


З якімі мэтамі дзяўчаты прыходзяць?

 

Гэта трэба чытаць у іх анкетах, там ёсць такое пытанне. Кожная па-рознаму адказвае. 200 дзяўчат на конкурсе – 200 розных варыянтаў. У мяне за 20 гадоў набраўся вялікі архіў з гэтымі анкетамі. Але гэта ўжо трэба займацца навукай, збіраць, абагульняць адказы. У кожнай дзяўчыны свае бачанне. І з гадамі гэта ўсе ж такі змяняецца. Вось у гэтым годзе ўбачым, якія мэты на гэты раз ставяць дзяўчаты.


Вы кожную анкету праглядаеце асабіста?

 

Фактычна, так. Асабліва, калі мы адбіраем дзяўчат ужо на кастынгу (як мы ўслоўна называем, паўфінал). З 200-300 дзяўчат нам трэба адабраць 16. І не толькі прыгожых, але і разумных. Таму што, па-першае, яны павінны размаўляць са сцэны, а па-другое, калі ёсць розум у вачах, гэта цудоўнае дапаўненне да яе прыгажосці. А на сцэне гэта ўсё бачна.


Што атрымлівае пераможца? Як склаліся лёсы тых, што сталі пераможцамі?

 

Цяжка сказаць, колькі гадоў прайшло. Напэўна, ўсе шчаслівыя.



Будзе нешта прынцыпова новае на конкурсе?

 

Я ўжо казаў, што пра такія рэчы рана гаварыць. Па фінальным шоў думкі тлеюць-фінансы спеюць. Усё залежыць ад фінансаў – назбіраем паболей – зробім яскрава, паменш – сціпла.


А як вы шукаеце спонсараў?

 

Нагамі шукаем. Альбо мы iх, альбо яны нас. Гэта зацікаўленыя людзі, таму што гэта было самае шумнае мерапрыемства горада. Усе чакалі, усе цікавіліся. Таму любы носьбіт рэкламы конкурса таксама выйграваў ад гэтага.


Вы не ведаеце, хто на гэты раз будзе спонсарам?

 

Пакуль яшчэ не. Мы толькі пачалі гэтым займацца. Можа, праз месяц будзе вядома.


Ці ёсць у вас свае крытэрыі  адбору дзяўчат?

 

Ва ўсіх людзей ёсць свае ўнікальныя крытэрыі да жаночай прыгажосці. Таму мая задача стаіць у тым, каб сабраць як мага больш суб’ектыўных меркаванняў і злажыць іх разам, каб з’явілася больш-менш аб’ектыўнае меркаванне. Хаця любы выбар на конкурсе заўсёды можна аспрэчыць.


Хто ваш глядач?

 

Усё па-рознаму. Розны кантынгент. Білеты тут маюць не завоблачныя цэны, дазволіць сабе прыйсці можа кожны. Хто гэтым цікавіцца, той і прыйдзе.

 

 

Здымкі з “Міс Гродна 2004” з архіву Ігара Леговіча