Гарвыканкам агучыў планы па ўпарадкаванні і аздабленні Гродна
У межах акцыі “Гродна – культурная сталіца Беларусі” мясцовыя ўлады плануюць больш за 300 мерапрыемстваў і чакаюць, што іх наведае больш за 100 тысяч гасцей і турыстаў.
У лютым у горадзе з’явяцца першыя тэматычныя білборды, прысвечаныя дзеячам беларускай культуры і гістарычным помнікам. Да сярэдзіны траўня – стэлы на ўездзе ў Гродна з боку Польшчы (вул. Суворава) і Літвы (Грандзічы), а на пр-це Касманаўтаў – светадыёдны экран. На месцы страчаных храмаў усталююць памятныя знакі.
Найбольш цікавыя турыстычныя аб’екты пазначаць інфармацыйнымі табліцамі на пастаментах з надпісамі па-беларуску і па-ангельску. На гэтых жа таблічках з’явяцца і QR-коды турыстычных аб’ектаў.
У планах на 2014 год капітальны рамонт 92 фасадаў, дабраўпарадкаванне 44 двароў і сямі гарадскіх тэрыторый, адкрыццё пасля рэканструкцыі філармоніі і гарадскога дома культуры. Падправяць 124 фасады будынкаў у гістарычным цэнтры.
У бліжэйшы сезон у Гродне высадзяць мільён кветак, дрэваў і кустарнікаў. Мадэрнізуюць тэрасы на вул. Сацыялістычнай, клумбы на Савецкай і прывакзальных плошчах.
На вуліцы Горкага вясной заквітнее паляна нарцысаў плошчай 80 кв.м (2 тысячы кветак).
Паводле belta.by