Фотамастачка Марыя Завіноўская запрашае ў свет “ілюзіі рэальнасці або рэальнай ілюзіі”
Бясконца дзіўны свет адкрываюць нам і нашаму уяўленню работы Марыі Завіноўскай. Назва выставы кажа сама за сябе. Кожны фотаздымак – вынік неардынарнага позірку і бачання аўтара. Гульня вобразаў, уяўленняў і святла ствараюць ілюзію, робяць здымкі незвычайнымі, загадкавымі. Падаецца, што быццам сапраўды змяняецца рэальнасць і гледачы пераносяцца ў іншае вымярэнне. Адкрываецца магчымасць убачыць свет пад перавернутым вуглом.
“У гэтай зале Марыя для мяне адкрываецца па-іншаму. У школе мы яе ведаем як матэматыка. А тут бачыш чалавека знутры. І усмешку, і добры настрой, які тут атрымліваеш, хочацца несці ўсім”, – падкрэсліла прысутная на вернісажы калега Марыі па працы ў школе Алена Цярэшка.
Прыгажосць і каштоўнасць прац фотамастачкі ацаніў і мастак Васіль Мартынчук:
“Мы бачым тут лірыку ў фота. Гэта вельмі добрыя працы. Цудоўны погляд аўтара. Адным словам, работы годныя гэтай галерэі”.
Сама аўтарка фотавыставы пракаментавала:
“Я паспрабавала адлюстраваць свой унутраны свет і яго бачанне ў фота. І мне вельмі хацелася, каб у кожным вы ўбачылі нешта сваё. Тут прадстаўлены здымкі з двух гарадоў – каралеўскага горада Гродна і каралеўскага горада Кракава, у якім я пабывала з дзецьмі падчас школьнай экскурсіі”.
Многія пагадзіліся з тым, што выстава – сапраўднае адкрыццё для народнага фотаклуба “Гродна”, сябрам якога з’яўляецца Марыя. Прагучала і тое, што фотамастачка – першая ў Гродне ў такой адпрацаванай тэме. Таму яна спадзяецца, што зможа прадставіць сваю творчасць не толькі ў Мінску, але і за мяжой.
Марыя Завіноўская – па прафесіі матэматык. З’яўляецца членам народнага фотаклуба “Гродна” з 2006 г. Выставачная дзейнасць яе пачалася ў 2007 годзе. Удзельнічае ў замежных, міжнародных, рэспубліканскіх выставах. Займаецца рэпартажнай, дакументальнай і жанравай фатаграфіяй, спрабуе сябе і ў іншых галінах фотамастацтва.
Наведаць выставу можна будзе да 11 лютага.
Здымкі Яна Лялевіча