Да ратавання старадаўніх будынкаў у цэнтры Гродна падключылася пракуратура

Гатэль разбітых надзей


Гадамі ў цэнтры горада стаялі загадкавыя будаўнічыя лясы, за якімі можна было разгледзець цьмяныя абрысы некалі пышнага будынка з вежычкамі. Вітражы і каляровыя ліхтары, кафляныя печы, фрэскі і драўляная разьба на сценах, лесвіца з каванымі парэнчамі… Калісьці тут працавала гарадская бібліятэка. У адзін момант бібліятэчныя фонды вывезлі, нейкая фірма ўзялася за рэканструкцыю, але, нічога талковага так і не зрабіўшы, знікла. Спадчына Мураўёва стала часовым прытулкам для бамжоў.

 

Крыху пазней на будынку з’явілася каляровая “накідка” з прыгожым малюнкам і надпісам “Муравьефф отель”, хоць ніякі гатэль не працаваў тут ні дня. Уладальнікам будынка шмат гадоў застаецца ААТ “Беларускі народны страхавы пенсійны фонд”, які з нядаўняга часу перайменаваўся ў ААСТ “МЕГА Поліс”. Праўда, ад перайменавання тэрміны і якасць будаўнічых работ не змяніліся. За ўсе гэтыя гады новым уладальнікам дома атрымалася надаць годны выгляд толькі яго фасаду.

 

Да канца мінулага года яго адмылі ад фарбы спецрастворамі, нанеслі ахоўную плёнку, уставілі часовыя вокны з пластыка (драўляныя з’явяцца да моманту завяршэння рэканструкцыі). Вядомы ў горадзе каваль Юрась Мацко вырабіў каваныя балконы. Пры рэканструкцыі старадаўняга фасада імкнуліся максімальна выкарыстаць старую цэглу, у справу пайшлі нават палоўкі.

 

Аднак зробленае ўдалося захаваць толькі часткова. 27 снежня 2013 працоўныя пакінулі будынак, а калі вярнуліся пасля святаў, убачылі, што знікла частка парапета. А гэта – 132 кг чыстай медзі. Злачынцаў затрымаць не ўдалося.

 

“Мы не можам патлумачыць, якім чынам здзейснена злачынства. Хутчэй за ўсё, злодзеі праніклі праз суседні будынак, які ўшчыльную прымыкае да нашага аб’екту, – мяркуе дырэктар ТАА “Ториа” Андрэй Рудніцкі. – Дарэчы, гэта ўжо не першае ўварванне”.

 

Пракуратура вобласці пачала крымінальную справу па факце крадзяжу і адміністрацыйны працэс, па якім саміх уладальнікаў могуць прыцягнуць да адказнасці за невыкананне захаванасці гісторыка-культурнай спадчыны.

 

“Мы выклікалі з Мінска прадстаўнікоў ААСТ “МЕГА Поліс”, выдалі ім прадпісанне на заключэнне з генпадрадчыкам ТАА “Ториа” дамовы аб кругласутачнай ахове будынка, – кажа памочніца пракурора вобласці Святлана Зайцава. – Прадстаўнікі паабяцалі: працу вартаўнікоў арганізуюць у тры змены. Зараз працы на аб’екце прыпыненыя з-за адсутнасці ў юрыдычнай асобы сродкаў. Пакуль не называюцца нават прыкладныя тэрміны аднаўлення работ”.


Крэйцарава саната


Выдатныя лілеі даўно накрытыя будаўнічай сеткай па ўсім фасадзе стогадовага дома купца Крэйцара. “Дом з лілеямі” – менавіта так называюць старадаўні будынак па вуліцы Сацыялістычнай у цэнтры горада. Гэта не проста асабняк. Усё ў ім, ад першых у Гродне жалезабетонных калон да гіпсавай ляпніны, выклікала захапленне і павагу гараджан. Будынкаў падобнага стылю ў горадзе адзінкі.

 

У 1944 годзе гаспадаром стаў мясцовы спіртавы трэст. Пазней тут размяшчаліся крамы, ашчадкаса, офіс спартыўнага таварыства, бюро рэкламы, аптэка. У 2007 аптэку выселілі, будынак з аўкцыёну набыў Беларускі народны банк. З тых часоў у плане рэстаўрацыі будынка не зроблена нічога: ён павольна, але ўпэўнена руйнуецца.Цяпер гаворка ідзе пра тое, што ўжо да канца наступнага года дом Крэйцара адновяць. Тым больш, што гарвыканкам робіць больш жорсткімі патрабаванні па захаванні тэрмінаў работ і можа зноў прымяніць эканамічныя санкцыі.

 

Падрыхтоўчыя працы ідуць поўным ходам. Але ўсё ўскладняе адзін нюанс: у доме амаль адсутнічаюць капітальныя падмуркі.

 

“Уласнік ўжо заплаціў 100 млн. рублёў штрафу за сваю бяздзейнасць, цяпер у доме актыўна вядзецца рэканструкцыя, – канстатуе Святлана Зайцава. – Ужо ўмацаваны фундамент будынка. Трэба будзе замяніць дах і перакрыцці. Больш за тое, сцены асабняка прыйдзецца змацоўваць сцяжкамі.


Час плаціць па рахунках

 

Будынку рэстарана “Беласток” па вуліцы Гараднічанскай не шанцуе з датамі. Яго павінны былі ўвесці ў строй у 2009, потым у 2011, затым у 2012. У 2011 годзе амаль усё “нутро” аб’екта знеслі, пачаўшы будаваць перакрыцці з металаканструкцый. Аднак ужо вясной 2013 стаў бачны вынік – катастрафічнае разбурэнне дэкору на фасадзе будынка. У выніку будынак імкліва губляе сваю каштоўнасць і гістарычнае аблічча.

 

Работы па рэканструкцыі былога рэстарана павінны былі аднавіцца да 1 ліпеня 2013 года, аднак гэтага не адбылося. У выніку ўласніку будынка – фірме “Ферт-Эка” прад’яўленыя штрафныя санкцыі за парушэнне тэрмінаў рэканструкцыі. Інвестар павінен заплаціць за прастоі 400 мільёнаў рублёў.

 

“Працы прыпыненыя з-за фінансавых праблем, аднак хутка яны працягнуцца, – заявіў прадстаўнік ТАА “ФертЭка” ў Гродне Юры Бортнікаў. – Пракуратура вобласці звярнулася ў гаспадарчы суд з іскавай заявай аб спагнанні гэтага штрафу. Суд адкрыў прымірыцельную працэдуру паміж гарвыканкамам і нашай фірмай – у выніку мы вымушаныя заплаціць па рахунках. Раней Дзяржбуднагляд устанавіў, што сцяна задняга фасаду разабрана без дазволу і ўзгаднення. Узнікла неабходнасць унесці змены ў праект. Гэта таксама зацягнула час”.

 

Многія гродзенцы справядліва лічаць, што пракуратуры пара даць прававую ацэнку і дзеянням тых, хто дазваляе і ўзгадняе правядзенне работ на гістарычных аб’ектах. Самі пракуроры адзначаюць: яны пачалі актыўна займацца гэтай праблемай 3-4 гады таму, падштурхнуўшы ўпаўнаважаныя органы да выканання прамых абавязкаў. Калі ў 2011-2012 гадах адміністрацыйныя пратаколы не складаліся наогул, то ў 2013 іх ужо дзясяткі.

 

Не пускаюць у акно – зробім дзверы

 

У мінулым годзе гродзенцы са здзіўленнем выявілі дзіўныя дзверы, прабітыя ў таўшчэзнай сцяне былога дамініканскага манастыра па вуліцы Савецкай. Грамадскасць абурылася, прэса прыцягнула гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў. Тыя выказаліся аднагалосна: гэта форменнае бязладдзе! Так любы можа перарабіць гісторыю ў хай-тэк. Але хто адкажа? Актывісты Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнуліся ў пракуратуру. У сваім лісце яны прасілі прызнаць працы незаконнымі і прымусіць заказчыка аднавіць аконны праём – аўтэнтычны элемент фасада.

 

“Пытанне аб магчымым аднаўленні сапсаванага фасада ў былым дамініканскім манастыры знятае, – уносіць яснасць памочніца пракурора вобласці Святлана Зайцава. – Будынак прыстасаваны да сучасных функцый, дазвол на змяненне яго вонкавага выгляду выдадзены Міністэрствам культуры. Праўда, дзверы на фасадзе прабітыя без дазволу да пачатку прац. За гэта ўласнікаў памяшкання аштрафавалі на 10 базавых велічынь (1 млн. рублёў). Гэта не адзінкавы выпадак. Мясцовыя ўлады даволі часта выдаюць дазволы на правядзенне ў гістарычных будынках работ, якія наносяць шкоду будынкам і змяняюць іх знешняе аблічча. Нядаўна ў дачыненні да ўласнікаў памяшканняў у доме па вуліцы Кірава, 26, у якім на месцы вокнаў з’явіліся дзверы, пачаты адміністрацыйны працэс”.

 

У тэму

 

Якую адказнасць нясуць парушальнікі за псаванне гістарычных помнікаў? Падрабязны адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў 19 артыкуле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

 

Невыкананне патрабаванняў ахоўных абавязацельстваў у дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцяў цягне за сабою штраф у памеры ад 8 да 25 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 8 да 50 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да 200 базавых велічынь.

 

Парушэнне парадку і (або) умоў выканання работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях альбо здзяйсненне дзеянняў, якія ствараюць пагрозу знішчэння, пашкоджання гісторыка-культурных каштоўнасцяў, таксама пацягнуць штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 10 да 100 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да 500 базавых велічынь.

 

Знішчэнне, пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў або матэрыяльных аб’ектаў, якія маюць адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці і адпаведныя аднаму з крытэрыяў адбору матэрыяльных аб’ектаў для прысваення ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, учыненыя па неасцярожнасці, альбо іх страта з прычыны нядбайнага захоўвання, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства, цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 20 да 100 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да 500 базавых велічынь.

 

Крыніца: Рэспубліка

Здымак Аляксандра Семянчука