Прафесар Святлана Куль-Сяльверстава просіць ВАК разабрацца з сітуацыяй на гарадзенскім гістфаку

У лісце прафесар запытваецца, ці змяніліся правілы і прынцыпы пазначэння навуковага даробку кадраў вышэйшай школы, і ці можа цяпер і яна ўключаць у спіс манаграфій свае літаратурныя творы, аўтарскія турыстычныя даведнікі і тэксты з папулярных часопісаў.

Такая пастанова пытання выклікана тым, што Уладзімір Ягорычаў (на фота), які прайшоў па конкурсе, уключыў у спіс сваіх навуковых дасягненняў за апошнія пяць год ажно сем манаграфій. Але, пацікавіўшыся зместам прац Ягорычава, Куль-Сяльверстава высветліла, што частка з іх ёсць непапраўленымі і недапоўненымі перавыданнямі апублікаванага раней, частка ж – анатаваная як навукова-публіцыстычныя выданні, прызначаныя для шырокага кола чытачоў.

 

“Высветлілася, што дадзеныя кнігі фігуруюць у спісе літаратурных выданняў на сайце гродзенскага аддзялення Саюзу пісьменнікаў Беларусі, членам якога У.Я.Ягорычаў з’яўляецца, пазначаныя там, як публіцыстыка, і на падставе іх аўтар прадстаўляўся да літаратурнай прэміі імя А.І.Дубко ў мінулым годзе”, – піша ў лісце Куль-Сяльверстава.

 

Згодна з Інструкцыяй ВАК у спіс навуковых прац не могуць быць уключаны навукова-публіцыстычныя публікацыі, газетныя артыкулі і іншыя падобныя матэрыялы. Таму Куль-Сяльверстава звярнулася спачатку да рэктара ГрДУ з тлумачэннем, чаму спіс прац Ягорычава трэба лічыць несапраўдным. У адказе, які прыйшоў ад вучонага сакратара ўніверсітэта Ірыны Чэпікавай, было патлумачана, чаму да навукова-папулярных выданняў Ягорычава можна ўжываць тэрмін “манаграфія” – спасылка рабілася на Дзяржстандарт РБ СТБ ГОСТ 7.06-2005 Сістэма стандартаў па інфармацыі, бібліятэчнай справе, а вось спасылак на Інструкцыі ВАК не было наогул. То бок, кіраўніцтва ўніверсітэта прызнала творы Ягорычава навуковымі.

 

Менавіта таму, не давёўшы справу да чаканага выніку ў межах універсітэту, прафесар Куль-Сяльверстава звярнулася ў ВАК.