У Беластоку прайшоў тэлемост з удзельнікамі пратэстаў у Кіеве

Актывісты расказалі, што Майдан гэта не толькі снег і сутычкі, але нябачная праца, напрыклад, па распрацоўцы пакетаў рэформ, культурнай стратэгіі для Украіны і г.д. Расказвалі яны і пра мастацкія акцыі ў падтрымку пратэстоўцаў.

У другой частцы сустрэчы пра сітуацыю ва Украіне разважалі эксперты: публіцыстка Багуміла Бардыхоўска, кіраўнічка тэлебачання “Белсат” Агнешка Рамашэўска і гісторык Яўген Мірановіч.

 

Паводле Багумілы Бардыхоўскай, у Майдана зараз тры мэты: дасягнуць “еўрапейскай мары” Украіны, змяніць сістэму, то бок стварыць дзяржаву, якая будзе працаваць дзеля сваіх грамадзян, а таксама змяніць геапалітычнае становішча краіны.

 

Паводле Агнешкі Рамашэўскай, каб зразумець праблемы Украіны, трэба ўзгадаць усе складанасці Польшчы ў часы трансфармацыі і памножыць іх некалькі разоў. Па яе словах, праблема не ў сістэме, якая ў прынцыпе дэмакратычная, але ў яе рэалізацыі.

 

З гэтым не зусім згадзіўся Яўген Мірановіч. Ён нагадаў, што ўсе палітыкі, якія спрабавалі рэфармаваць Украіны і абмяжоўваць уплыў алігархаў, хутка гублялі ўладу. Таксама гісторык звярнуў увагу на тое, што ў спыненні асацыяцыі Украіны з ЕС ёсць таксама віна самой Еўропы.

Апошняй, зусім неафіцыйнай часткай беластоцкай акцыі салідарнасці з Майданам, стаў выступ музыкаў з Польшчы і Украіны.

 

Паводле bialystok.gazeta.pl