У траўні Гродна зноў стане сталіцай беларускай журналістыкі
Аргкамітэт Фестывалю распачаў падрыхтоўку да адной з найбольш яркіх падзей у жыцці журналісцкай супольнасці Беларусі. У чарговы раз у Гродна з’едуцца лепшыя беларускія журналісты і тыя, хто марыць авалодаць сакрэтамі журналістыкі.
Арганізатары Фестывалю – сябры грамадскіх аб’яднанняў “Цэнтр “Трэці сектар” і “Беларуская асацыяцыя журналістаў” – рыхтуюць насычаную праграму: майстар-класы ў выкананні вядучых беларускіх і замежных журналістаў, цікавыя прэзентацыі, выставы, сустрэчы, правядзенне нацыянальнага конкурсу для журналістаў-пачаткоўцаў, насычаную культурную праграму.
“Разынкамі” Фестывалю ў гэтым годзе стануць ток-шоў, другі нацыянальны Фотабатл для маладых фотарэпарцёраў, паэтычны слэм (“бітва паэтаў”), які адбудзецца ў межах культурніцкай праграмы, і іншыя цікавыя імпрэзы.
Папярэднія Фестывалі журналістыкі “Твой стыль” ладзіліся ў Гродне ў 2007, 2010 і 2012 гг.
У III Фестывалі моладзевай журналістыкі “Твой стыль” узялі ўдзел каля 150 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі. Плюс да гэтага – звыш 100 ўдзельнікаў конкурсу для журналістаў-пачаткоўцаў і каля 70 удзельнікаў ФотаБатла.
Адметнасці Фестывалю 2012 года: міжнародны склад каманды экспертаў, якія праводзілі майстар-класы; першы агульнанацыянальны ФотаБатл, на старт якога выйшлі 16 каманд, ток-шоў “Журналістыка-2020”, у час якога абмяркоўваліся сучасныя трэнды у журналістыцы.
Сачыце за навінамі на старонцы Фестывалю 3sektar.by/fest