Ці Дзмітрый Іваноў з “Адзіс Абебы” выступіць з канцэртам “За грамадскую маральнасць”?

Першы раз Дзмітрый Іваноў павінен быў наведаць Гродна з сольным акустычным канцэртам яшчэ 19 студзеня. Аднак аматараў ягонай творчасці чакала расчараванне, бо арганізатары канцэрту абвесцілі, што выступ перанесены на 2 лютага. Адмена і гэтай даты канцэрта выклікала поўнае незразуменне ў асяроддзі гарадзенскіх рэгі-меламанаў. Высветліць прычыны такой безадказнасці артыста і арганізатараў паспрабаваў “Твой стыль”.

 

Калі мы звярнуліся да арганізатара гастроляў Дзмітрыя Іванова ў Гродне, то даведаліся, што забарону на выступ вядомага артыста выдаў Сяргей Мікалаевіч Давыдзік, галоўны спецыяліст па прафесійным мастацтве і творчым саюзам Гарадзенскага гарвыканкаму. Чыноўніку не спадабалася, што 19 студзеня  на “разагрэве” ў зоркі беларускага рэгі павінен быў выступіць гарадзенскі гурт “Сенька-Паліцай”.

 

Гэты калектыў і раней меў клопаты з гарадзенскімі ўладамі па прычыне сваёй назвы, хаця без праблем гастраляваў у клубах іншых гарадоў Беларусі, а таксама ў Расіі і Украіне. Прычыну свайго негатыўнага стаўлення да гурта “Сенька-Паліцай” Сяргей Давыдзік тлумачыць тым, што гэты калектыў нібыта нясе ў грамадства распусту і прадстаўляе пагрозу грамадскай маральнасці.

 

На канцэрце, які меў адбыцца 2 лютага, выступ “распуснага” “Сенькі-Паліцая” ўжо не планаваўся. Але і гэтым разам рэстаран “Тапаз”, у якім меў выступіць Дзмітрый Іваноў, атрымаў амаль што ідэнтычную з папярэдняй адмову.

 

На аргумент арганізатараў, што Дзмітрый – гэта дастаткова вядомы музыка, які выступаў шматразова і ў Гродне, і ў іншых гарадах Беларусі, Сяргей Давыдзік адказаў, што Гродна абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі, і “мы не дапусцім парушэння маральнасці ў нашым горадзе”.

 

Чаму менавіта Дзмітрыя Іванова чыноўнік падазрае ў намеры парушаць маральнасць? – запыталіся мы ў Сяргея Мікалаевіча. Але на пытанне ён адказваць адмовіўся, спаслаўшыся на занятасць. Артыст таксама не захацеў патлумачыць абсурдную для яго сітуацыю.

 

У сваю чаргу недаўменне ёй выказаў дырэктар рэстарана “Тапаз”: “Цікава – адна краіна. Чаму ў ёй у адным горадзе можна выступіць, а ў іншым нельга? У мяне ёсць пляцоўка, якую я магу прадаставіць музыкантам. Дазваляюць – грайце”.

 

Па словах арганізатара забароненых гарадзенскіх выступаў беларускай зоркі рэгі, аматары творчасці Дзмітрыя Іванова тэлефануюць да яго і пытаюцца, ці будзе канцэрт і калі гэта здарыцца. “Думаю, калі знойдзем шлях, каб абыйсці ўсе гэтыя дазволы і паперкі, то канцэрт будзе”, – запэўнівае ён.

 

Спосабы пазбегчы забароны прыдумваюць калегі Дзмітрыя Іванова па музычным цэху. Адзін з іх, вядомы музыка Фёдар Жывалеўскі, прапаноўвае арганізаваць канцэрт пад назвай “За грамадскую маральнасць”. “Тады, калі і яго забароняць – будзе хаця б выглядаць камічна” – жартуе ён.