Пачаўся набор назіральнікаў за мясцовымі выбарамі
Нават апалітычнаму чалавеку не ўсё роўна, якія помнікі зносяцца і дзе будуюцца паркі, якая якасць дарог і ці ёсць дзе запаркаваць ровар і аўтамабіль. Гэтаму можна паспрыяць, прасачыўшы за якасцю выбараў.
Паводле Канстытуцыі, кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту, мае права быць назіральнікам за выбарамі любога ўзроўню. Гэта не проста карысная дзейнасць і спосаб праявіць сваю грамадзянскую адказнасць, але і магчымасць паўдзельнічаць у захапляльным працэсе, адчуць драйв ад назірання, пабачыць на ўласныя вочы, як праходзяць розныя этапы выбарчага працэсу, аб якіх ходзіць столькі разнастайных чутак.
Праект “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” не падтрымлівае аніякія палітычныя партыі. Мэта праекта – даць магчымасць як мага большай колькасці звычайных грамадзян знутры зірнуць на дзень галасавання і зразумець, як павінны выглядаць выбары.
Як паказвае досвед бліжэйшых суседскіх краін, Расіі і Украіны, грамадзянскае (непалітычнае!) назіранне можа стаць простай, але эфектыўнай і найцікавейшай формай ўдзелу звычайных людзей у кантролі за прыняццем істотных рашэнняў як на мясцовым узроўні, так і у межах усёй краіны.
Таму, калі табе надакучыла сядзець дома і бяссільна скардзіцца ў інтэрнэце, запоўні анкету на сайце, прайдзі кароткі трэнінг і назірай разам з камандай праекта!
Стаць назіральнікам можа кожны: і той, у каго ўжо ёсць адпаведны досвед, і той, для каго гэта будзе ўпершыню.
Апошні тэрмін для запісу ў назіральнікі 7 сакавіка.