Сумесная прэзентацыя кніг Віктара Сазонава і Аркадзя Ліцьвіна пройдзе ў Крызе

|

Прэзентацыя пачнецца ў 18.30.

 

Кніга “Паэзія прозы” – пятая ў серыі “Сучасная гарадзенская проза”, што выдаецца “Гарадзенскай бібліятэкай”. Кніга выйшла восенню 2013 года, акурат да юбілею аўтара – 18 кастрычніка Віктару Сазонаву споўнілася 50 год.

 

“Віктар Сазонаў – адзін з нямногіх празаікаў, які звяртаецца да падзей сучаснасці, апісвае ва ўласцівым яму іранічным стылі грамадска-палітычныя рэаліі сённяшняга дня […] у зборніку “Паэзія прозы” весялосць і гумар спалучаюцца з глыбокай філасофіяй і смуткам, што яскрава адпавядае характару самаго аўтара”, – піша ў прадмове да кнігі Уладзімір Хільмановіч. Ён адзначае, што проза Сазонава лёгка чытаецца ў цягінку і перад сном, у вольную ад працы хвіліну і на прыродзе, а многія яго творы вартыя экранізацыі.

 

Зборнік “Паэзія прозы” Віктар Сазонаў прысвяціў свайму калегу па праваабарончай дзейнасці, палітвязню Алесю Бяляцкаму. Варта адзначыць і тое, што кніга выйшла акурат да 50-годдзя аўтара.

 

“Прастрэлены талер” – першая частка прыгодніцкага рамана Аркадзя Ліцьвіна – выйшаў з друку летам 2013 года. Усяго запланаваныя тры часткі рамана. Першая кніга прысвечана жыццю беларускай шляхты ў самым канцы XVII стагоддзя. У сваёй кнізе аўтар адмаўляецца польскацэнтрычнага ці рускацэнтрычнага бачання падзей таго часу ды спрабуе паказаць іх з беларускага пункту гледжання.