“Німфаманку” Ларса фон Трыера ў Беларусі будуць паказваць толькі ў сталіцы
8 лютага сайт volkovysk.by паведаміў, што паказы стужкі ў кінатэатры “Юнацтва”, запланаваны на 20-26 лютага, адмяняюцца з-за рашэння пракатчыка – фірмы “Інтэрфільм Дыстрыбюшн”.
Адміністрацыя кінатэатра патлумачыла, што яшчэ ў студзені яны атрымалі ліст ад пракатчыка (без подпісаў службовых асоб), згодна з якім фільм зняты з пракату ў краінах СНД акрамя Расіі.
У лісце кампанія “Інтэрфільм Дыстрыбюшн” тлумачыць, што “отказывается от публичного показа на территории Республики Беларусь художественного фильма «Нимфоманка: часть 1» по морально-этическим нормам (сцены фильма содержат элементы эротического характера)”.
Прадстаўнікі кампаніі патлумачылі пазней, што “фільм на мяжы парнаграфіі”, а сам рэжысёр некалькі год таму зрабіў скандал на Канскім фестывалі, выказваючы нацысцкія лозунгі.
Такім чынам, гарадзенцы, як і жыхары іншых рэгіёнаў краіны, таксама не пабачаць “Німфаманкі”.
У Мінску стужку ў кінатэатры “Ракета” паказвае іншая фірма – УП “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама. Там лічаць, што не могуць не паказаць новай стужкі славутага рэжысёра і што да яго творчасці не можа быць прэтэнзій.
Фільм паказваюць у Мінску з 14 лютага да 5 сакавіка. Квіткі на першы паказ распрадаліся за дзве гадзіны.