Гродзенская лютэранская кірха шукае спонсараў

|

Ужо атрымалася сабраць больш за 1 мільярд беларускіх рублёў, піша БелТА. Большую частку сумы ахвяравала гродзенскае прадпрыемства “Контэ Спа”, астатнія пералічваюць па 15-20 мільёнаў. Улады Гродна звярнуліся з просьбай аб падтрымцы ў больш чым 100 арганізацый і прадпрыемстваў, у тым ліку з нямецкім капіталам. Катэгарэчных адмоваў пакуль не было.

 

Фасад кірхі плануецца аднавіць ужо да пачатку лета.


Фінансаваць рэстаўрацыю і ўпарадкаванне ўнутранага ўбрання храма згодны нямецкі бок. Гэта пацьвердзіў пасол Германіі ў Беларусі Вальфрам Маас на сутрэчы з старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым. У бліжэйшы час з Германіі ў Гродна прывязуць арган, які загучыць у кірсе падчас сёлетняга фестываля нацыянальных культур. Калі гарадзенская лютэранская абшчына падрыхтуе неабходныя дакументы, яна зможа прэтэндаваць на дзяржаўную фінансавую падтрымку Германіі.

 

Гродзенская кірха пабудаваная ў 1843 годзе. Вялікія пашкоджанні атрымала ў часе І і ІІ сусветных войнаў. У савецкі час у будынку размясціўся архіў. У 1993 годзе кірху вярнулі вернікам.


Здымак з архіву “Твайго стылю”