Скідзельскі цукровы камбінат адкажа за забруджванне ракі Доўжыцы

|

За 2 тыдні вада ў рацэ, што працякае побач з цукровым камбінатам, зрабілася чырвонай. Да колеру дадаўся непрыемны пах.

Гэта выклікала паніку ў мясцовых жыхароў, чые дамы знаходзяцца ў некалькіх дзесятках метраў ад  Доўжыцы.

Людзі ад пачатку былі ў пэўненыя ў тым, што крыніца забруджвання – сцёкавая труба ачышчальных збудаванняў Скідзельскага цукровага камбіната.

Аналіз проб вады зрабілі спецыялісты абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паведамляе ont.by.

Паводле начальніка аддзела камітэта Наталлі Гульніцкай, забруджванне ракі фіксуецца па чатырох паказчыках, у тым ліку па амонію.

Цукроваму камбінату выпісаны штраф.


Прадпрыемству давядзецца кампенсаваць таксама кошт страт, нанесеных прыроднаму асяроддзю.

Калі страты перавысяць 250 базавых велічынь – матэрыялы перададуць у пракуратуру.

Як хутка ў забруджанай рацэ адновіцца натуральны прыродны баланс  – невядома.

Гэта залежыць ад хуткасці цячэння, тэмпературы паветра і колькасці ападкаў.