Акустычны вечар памяці Курта Кабэйна прайшоў у “Тапазе”

Для прыхільнікаў гранжа 20-я лічбы лютага – нагода ўспомніць аднаго з яскравых прадстаўнікоў гатунку Курта Кабэйна, з нагоды яго дня нараджэння. Таму апошнія акустычныя вячоркі ў рэстаране “Тапаз” былі прысвечаны памяці менавіта гэтага музыкі.


Канцэрт распачаўся выступам гурта “Brothers of the little  street”, які выконваў уласныя песні, а таксама кавер нірванаўскай “Polly”. Затым, карыстаючыся выпадкам, музыкі аддалі даніну Высоцкаму, які, па іх словах, аказаў фундаментальны уплыў на іх творчасць. Выступ быў для гурта дэбютным, і здавалася, яны вырашылі захапіць увесь канцэрт: хлопцы ўвесь час мяняліся ролямі, гітарамі і мікрафонамі, зайгралі дзве замалеўкі на фартэпіяна, зачыталі верш. У зале знаходзілася шмат іх знаёмых, таму некаторыя з песень так і аб’яўлялі – “свае зразумеюць”.

Другім выступаў Фёдар Жывалеўскі, лідар гурта “Голая Манашка”. Акрамя Кабейна, ён успомніў іншых таленавітых аўтараў – Лідбелі і Ена Кёрціса. Жывалеўскі выконваў класікаў у перакладзе на беларускую мову, а таксама прадставіў цалкам новую ўласную кампазіцыю “Ён”.

Да Гродна дабраўся і камянецкі гурт “Сенька-паліцай”, які разбавіў цалкам акустычную праграму гукамі электрагітары, акардэона, і барабанаў. Найбольшае захапленне выклікала ў гледачоў песня пра тое, як цётка Люба піла алкаголь. Некаторыя не вытрымлівалі і час ад часу пускаліся ў скокі, зараджаючы сваім энтузіазмам астатніх.

Канцэрт плаўна перацёк у кватэрнік, дзе гралі Фёдар Жывалеўскі, Юры з PET NIHIL, а таксама ўсе, хто ўмее трымаць у руках інструмент і мае жаданне спяваць.