“Нёман” буйна саступіў самарскім “Крылам”
Пасля развалу СССР гісторыя “Крылаў” вельмі падобная на гісторыю гарадзенскага “Нёмана”. Клубы з’яўляюцца ўдзельнікамі ўсіх суверэнных чэмпіянатаў к мацнейшым дывізіёне сваёй краіны. Гэтак жа як і самарцы, адзін раз “Нёман” узыходзіў на п’едэстал гонару (срэбра 2002), і гэтаксама як і супернік даходзіў да фіналу Кубка (у 1993 і 2011). Толькі ў адрозненне ад расіян, гарадзенцы свайго шанцу не ўпусцілі і сталі ўладальнікам Кубка Беларусі ў 1993 годзе.
Варта адзначыць, што колеры самарцаў абараняе былы галкіпер гарадзенскага “Нёмана” – Сяргей Верамко.
Сяргей Саладоўнікаў на матч з расіянамі выставіў наступны склад: Рапалiс, Раўнейка, Рыбак, Рахманаў, Вітус, Салавей, Тарасаўз, Хачатуран, Рэкіш, Дзенісевіч, Зубовіч.
Ужо ў самым пачатку матчу Рапалiсу прыйшлося даставаць мяч з сеткі. На трэцяй хвіліне грузінскі легіянер самарцаў Амшсулашвiлi галавой дакладна адпраўляе мяч у дзявятку. Толькі каля 20 хвіліны матчу гарадзенцы здолелі стварыць некалькі момантаў. Спачатку Хачатуран са штрафнога дакладна прабіў, але Верамко адвёў пагрозу ад варот. А пасля Рэкіш дакладна прабіў у далёкі кут варот, мяч праляцеў побач са штангай. Яшчэ гол “Крылы” забіваюць нам на 36 хвіліне, зноў штрафной, зноў галава. На гэты раз аўтарам гола стаў беларус Станіслаў Драгун.
Другі тайм зноў быў за самарцамi: 68 хвіліна і 3:0. Ятчанка як ураган прайшоўся па флангу, а пасля зрушыўся ў цэнтр і далёкім ударам адправіў мяч у кут варот Рапалiса. Праз некалькі хвілін свой шанец прапускае Лявіцкі: Сяргей з выгаднага становішча не паспеў прабіць, і мяч перайшоў да суперніка. На працягу ўсяго матчу актыўнічаў Дзмітрый Рэкіш, напэўна гэта лепшы гулец сустрэчы ў складзе жоўта-зялёных. Выніковы лік 3:0 на карысць “Крылаў”.
Матч з “Крыламі” пракаментаваў для “Твайго стылю” футбаліст “Нёмана” Павел Рыбак:
“Першы тайм – роўная гульня, з невялікай тэрытарыяльнай перавагай Самары. Парвалася там, дзе было тонка. Два стандарты – два галы. Не дайшлі ў нас яшчэ рукі да стандартаў. Другі тайм больш адкрыты, дазволілі ім зрабіць замену пасля выдалення. Ацэнку дадуць трэнеры, але скажу, што не хапіла майстэрства, бо былі моманты, а таксама лёгкасці – да матчу нас адмыслова не рыхтавалі, усе пад нагрузкай, супернікі пасвяжэй былі”.
Здымак kc-camapa.ru