У Беластоку з’явіўся першы рэстаран прыязны для сляпых

У ім ёсць не толькі меню напісанае шрыфтом Брайля, але і такія ж таблічкі на ўваходзе ды ля прыбіральны, а таксама адмысловыя датчыкі, якія дазваляюць не разліваць напіткі.


Такім чынам Pizzeria Paradiso стала першым на Падляшшы месцам комплексна падрыхтаваным для абслугоўвання слабабачачых і сляпых кліентаў. Супрацоўнікі піцэрыі прайшлі адмысловыя курсы па абслугоўванні такіх асоб: як завесці і пасадзіць сляпога за яго столік, як падаваць ежу і напоі, а таксама якія дакументы павінен мець сабака-павадыр, каб зайсці ў памяшканне.

 

Цягам 2013 года прадстаўнікі беластоцкага аддзялення Фонду Шанс для Сляпых наведвалі рэстараны і кавярні Беластока, каб прапанаваць увесці ў іх меню шрыфтом Брайля і іншыя паляпшэнні для сляпых і слабабачачых. Пакуль ім удалося такім чынам цалкам прыстасаваць для сляпых вышэйзгаданую піцэрыю, а таксама значна палепшыць умовы для сляпых у рэстаране Tokaj. Яго яшчэ нельга назваць комплексна падрыхтаваным, бо няма адмысловых таблічак, але, напрыклад, месца можна наведаць з сабакам-павадыром. Дарэчы, Tokaj мае таксама ліфт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

 

Паводле poranny.pl