Перамог той, хто больш хацеў. У матчы адкрыцця “Слуцк” перайграў “Нёман”

|

Вясна, выхадны дзень і два вялiкiх спартыўных мерапрыемствы ў горадзе. Адкрыццё чэмпіянату па футболе ў Вышэйшай Лізе і фінал Кубка Прэзідэнта па хакеі. Футбольны матч пачалі за пяць хвілін да прызначанага часу. Мабыць ведалі, што адны і тыя ж людзі ходзяць і на футбол, і на хакей. Традыцыйнае заезджанае адкрыццё – узняцце сцяга і аркестр, усё як звычайна. Наведвальнасць такая ж. Мабыць, пасля чэмпіёна людзям не цікава было бачыць “аўтсайдара” . Толькі вось чаканы “аўтсайдар” паказаў сілу і моц у матчы з “Нёманам”: папросту “вёска” абыграла прафесіяналаў. А самае цікавае, што случчакі абгулялі “Нёман” у першым туры і на яго родным стадыёне! Апошні раз гарадзенская каманда прайгравала на старце чэмпіянату сам гадоў таму. У 2007 годзе “Нёман” на выездзе саступіў БАТЭ – 1:2.

 

На 20 хвіліне матчу Суліме ўжо прыйшлося даставаць мяч з сеткі варот. Гулец “Слуцка” прамчаўся міма гарадзенскай абароны і адправіў мяч у вароты Сулімы, дзе галкіпер “Нёмана” не здолеў дацягнуцца да мяча. Так госці і павялі ў ліку. А “Нёман”, як ні спрабаваў адыграцца, нічога ў яго не атрымлiвалася. Ні адной добрай атакі ад падапечных Сяргея Саладоўнікава.

 

У другім тайме Саладоўнікаў выпусціў грознага нападніка Карлсонса і героя кубкавага матчу – Тарасаўса, але нават свежыя легіянеры нічога не маглі зрабіць з абаронай гасцей. Тарасаўс быў блізкі да ўзяцця варот, не хапіла завяршэння. Так “Нёман” больш ні чым і не запомніўся. У “Слуцка” – адзін момант і гол. А што яшчэ трэба, калі гэта прыносіць вынік?

Традыцыя паўтараецца: на моцных настройвацца ўмеем, а на слабых не. Вось і рэаліі нашага футбола. Зусім нядаўна на прэс-канферэнцыі галоўны трэнер “Нёмана” сказаў, што мы будзем старанна падыходзіць да матчаў, няважна гэта БАТЭ ці “Слуцк”. Настроіліся… Першы блін – сабакам, цікава што будзе далей?

 

Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў быў у шоку ад такога стаўлення гульцоў да гульні, заўзятараў і горада.

 

“Перш за ўсё, хацеў бы павіншаваць суперніка з перамогай. Што тычыцца нашай гульні, то я проста ў шоку. І нават не ад выніку, а ад каманды, ад стаўлення гульцоў да футбола, да горада. Я не буду ўдавацца ў падрабязнасці, магу толькі папрасіць прабачэння перад заўзятарамі за ўсё гэта. Ва ўсім свеце кажуць, што стаўленне да футбола ўсё вырашае. Футбол карае, прычым жорстка.

 

Спадзяемся, што здарылася толькі хвілінная слабасць. Напярэдадні матчу перасцерагалі гульцоў ад недаацэнкі суперніка. Але недагрукалiся. Будзем разбірацца. Напярэдадні матчу адбыліся такія-сякія дробязі, якія назапашваюцца і негатыўна ўплываюць. Будзем гарачым жалезам выпальваць такое стаўленне да футбола”.

 

P.S.  Варта адзначыць, што матч у Гродне можна назваць, як такім “цукровым дэрбі”. У “Слуцка”, як і “Нёмана”, афіцыйны спонсар – цукровы завод. Галоўнае, каб пасля пройгрышу не скарацілася фінансаванне гарадзенскай каманды ад Скідзельскага цукровага завода.