Віталь Надзіеўскі: “Трэба любіць футбол у сабе, а не сябе ў футболе”

Віталь, чаму ты вырашыў завяршыць кар’еру футбаліста?


Паступіла прапанова ад “Нёмана” заняць пасаду трэнера-адміністратара дубля. Я ўзяў на роздум некаторы час, так як рыхтаваўся да чэмпіянату ў першай лізе ў складзе ФК “Ліда” і ўсе мае бліжэйшыя планы былі звязаны з гэтым клубам. Неабходна было ўсё ўзважыць, перагаварыць з кіраўніцтвам “Ліды” – яны не сталі перашкаджаць, за што ім вялікі дзякуй, і я даў згоду “Нёману”. Не буду хаваць, што вельмі рады. Цяпер паволі ўваходжу ў працу. Дапамагаю галоўнаму трэнеру Дзмітрыю Анатольевічу Траско ў арганізацыі трэніровачнага працэсу.

 

Тваёй былой камандзе даводзілася гуляць супраць “дубля” на “Хрустальным Кубку”. Чым запомніліся тады “юныя” гарадзенцы?

 

Мне не ўдалося згуляць супраць дубля на гэтым турніры, бо аднаўляўся пасля траўмы, працаваў па індывідуальнай праграме і ніяк не трапляў на іх гульні. Пакуль толькі бачу іх на трэніроўках і паволі знаёмлюся.

Так сустрэлі Надзіеўскага заўзятары, 30.03.2014, здымак sportwin.by

 

Можа ўспомніш і свой выступ у дубле? Чым цяперашняя моладзь адрозніваецца ад моладзі твайго часу?

 

Моладзь у дублі сабралася нядрэнная, але з магчымасцямі сённяшняга часу – я маю на ўвазе навінкі, гаджэты, інтэрнэт – жыццёвыя прыярытэты ў маладых людзей змяняюцца.

 

Цяпер можна не выходзячы з дома вырашаць многія праблемы, да якіх у мой час трэба было прыкладаць нейкія намаганні. І ў нас футбол быў і застаецца ў сэрцы. Ёсць, вядома, хлопцы, можна сказаць “таго часу”, але хацелася б, каб іх было значна больш. Трэба любіць футбол у сабе, а не сябе ў футболе! І шмат-шмат працаваць над сабой. Бо футбол не падманеш, толькі калі цалкам аддашся яму, ён табе аддзячыць па заслугах.

Віталь на новай працы

 

Што для цябе значыць зноў вярнуцца ў Гродна і ў “Нёман”?

 

Вярнуцца ў “Нёман” для мяне, гэта як вярнуцца дамоў у маю футбольную сям’ю. Усё роднае і знаёмае і хочацца прыносіць карысць нашаму клубу. Што і паспрабую зрабіць як мага лепш.

 

У канцы – што можаш сказаць пра час праведзены у ФК “Ліда”?

 

У Лідзе я папрацаваў паўгода, і за гэты час нам удалося дасягнуць добрага выніку. Ужо даўно клуб не ўздымаўся так высока ў турнірнай табліцы. Гэты вынік быў дасягнуты за кошт згуртаванай працы каманды і трэнерскага штаба. Калектыў падабраўся выдатны, абстаноўка спрыяла. І для мяне гэта быў пэўны карысны вопыт. А ў гэтым годзе хочацца пажадаць ім поспеху, бо каманда збіраецца добрая.