Ведай сваiх! Частка VII: Узнікненне “Нёмана”

|

Сёлета “Нёман” святкуе вялікі паўвекавы юбілей. Але, як ні дзіўна, гісторыя клуба пачынаецца раней. Бо пад назвай “Нёман” гарадзенскія футбалісты выступалі і да 1964 года, які прынята лічыць зыходным пунктам у гісторыі клуба з той прычыны, што менавіта тады ў горадзе была створана каманда майстроў, якая пачала выступаць у першынствах СССР.

Як сведчыць футбаліст тагачаснага “Нёмана” Васіль Шаўчэнка, сённяшнюю назву каманда атрымала яшчэ ў 1957 годзе, калі была ўдзельніцай чэмпіянату БССР. Вось як апісвае ветэран гарадзенскага футболу абставіны набыцця гарадзенскай камандай так дарагога сэрцам яе сучасных заўзятараў імя:


“Доўга думаць не давялося. Зыходзілі з таго, што ў горадзе ўжо ёсць абутковая і тытунёвая фабрыкі “Нёман”. Чаму б гэтак жа не назваць футбольную каманду? На тым і пастанавілі. З той пары на афішах усюды пісалі “Нёман”. Дзіўна, што афіцыйная гісторыя клуба бярэ свой пачатак толькі ў 1964 годзе. Пра тых, хто стаяў ля вытокаў клуба, незаслужана забыліся, хоць мы і змагаліся за гонар горада”.

 

З гэтай нагоды трэба заўважыць, што і 1957 год наўрад ці слушна было б лічыць годам нараджэння сённяшняга “Нёмана”. Бо афіцыйна “Нёман” не толькі ў 1957, але і ў 1958 годзе выступаў у чэмпіянатах БССР як зборная горада Гродна. Але ж у асноўным тыя самыя футбалісты рэпрэзентавалі зборную Гродна, калі яна яшчэ не называлася “Нёманам”, і ў 1955–1956 гадах. Такім чынам, і ў гэтыя гады фактычна выступала каманда, якая з’яўлялася папярэдніцай “Нёмана”.

 

Больш за тое, улічваючы пераемнасць у складзе гульцоў, справядліва будзе лічыць папярэднікамі зборнай Гродна і “Нёмана” каманды, што абаранялі гонар нашага горада ў чэмпіянатах Беларусі ў папярэднія гады пад іншымі назвамі. Так, у перыяд з 1951 па 1954, а таксама ў 1946–1948 гадах гэта быў “Лакаматыў”; у 1949–1950 – СКА; у 1945 – “Дынама”, якое стала бронзавым прызёрам першага пасляваеннага чэмпіянату БССР.

Варта заўважыць, што Гродна ў 1964 годзе апошнім з абласных цэнтраў Беларусі выйшаў на ўсесаюзную арэну. Але гэта ні ў якім разе не сведчыць пра тое, што ва ўзроўні майстэрства гарадзенскія футбалісты адставалі ад сваіх канкурэнтаў з іншых рэгіёнаў рэспублікі. Найважнейшай прычынай гэтага “спазнення” была адсутнасць у горадзе стадыёна, які б адпавядаў узроўню спаборніцтваў паміж камандамі майстроў. А красамоўным фактам, што пацвярджае канкурэнтаздольнасць гарадзенскага футболу ў канцы 50-х – першай палове 60-х гадоў, з’яўляюцца вынікі, паказаныя нашымі футбалістамі. Так, першым несталічным горадам Беларусі, каманда якога пачала выступаць у класе “Б” чэмпіянату СССР, стаў у 1959 годзе Гомель. Аднак у папярэднім годзе ў рамках першынства Беларусі гарадзенцы на сваім полі перайгралі гомельцаў з лікам 2:1.

 

У наступным годзе гарадзенcкія футбалісты занялі другое месца ў першынстве рэспублікі, якое праводзілася ў рамках Усебеларускай спартакіяды, у сувязі з чым у спаборніцтвах бралі ўдзел зборныя абласцей і горада Мінска, прадстаўленыя сваімі наймацнейшымі футбалістамі. Футбалістаў з Наднёманскага краю апярэдзілі толькі сталічнікі. Такім чынам, нашыя землякі сталі лепшымі сярод абласцей Беларусі, але, тым не менш, на наступны год у класе “Б” першынства СССР сталі гуляць каманды Брэста, Віцебска і Магілёва, а гарадзенцам давялося чакаць яшчэ цэлыя чатыры гады.

 

Пасля ўжо і з’явіўся стадыён, доўгі час вядомы як “Чырвоны сцяг”.

Пабудаваны ў 1963 годзе, ажно да рэканструкцыі стадыёна “Дынама” ў Мінску, якая завершылася ў 1979 годзе, гарадзенскі стадыён з’яўляўся найбуйнейшай арэнай у БССР, умяшчаючы пры гэтым звыш 14 000 гледачоў. На стадыёне было 23 сектары, размешчаныя ў выглядзе падковы, па 14 драўляных радоў у кожным.

 

Раней на месцы стадыёна былі яўрэйскія могілкі, якія функцыянавалі больш за 150 гадоў. У сувязі з рашэннем аб будаўніцтве стадыёна могілкі паэтапна былі знесены. Фашысты не паспелі знішчыць могілкі і пасля вайны яны практычна цалкам захаваліся. Рашэнне аб іх зносе было прынята ў сярэдзіне пяцідзясятых. Могілкі разаралі, а надмагіллі, як кажуць, выкарыстоўвалі пры пабудове помніка Леніну.

 

Са слоў відавочцаў: “Гарадзенская футбольная каманда гуляла ў чэмпіянаце СССР, таму мясцовым уладам нельга было ўпасці ў бруд тварам. Стадыён павінен быў быць у цэнтры горада, у прыгожым месцы. Такім чынам, нічога лепшага, чым тэрыторыя яўрэйскіх могілак, прыдумаць было нельга”.

 

Як успаміналі відавочцы варварства, могілкі знішчалі “па жывому”: яшчэ свежымі былі нядаўнія месцы пахавання, гарадзенцы наведвалі магілы сваіх родных… Нягледзячы на назву “Новыя”, могілкам было некалькі соцень гадоў.

 

Мясцовыя жыхары выкарыстоўвалі надмагіллі для гаспадарчых пабудоў і дарожак, пліты з яўрэйскіх магіл леглі ў пастамент помніка Леніну. “Распавядаюць, што ў час вайны фашысты выкарыстоўвалі пліты з гэтых могілак для пабудовы прыступак да рэчкі Гараднічанкі, – гаворыць кіраўнік яўрэйскай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі. – Частка пліт была прыстасавана потым пад фундаменты будынкаў, што ўзводзіліся паблізу ад могілак”. Рабін Іцхак Кофман прыгадвае словы Рыгора Хасіда: “Там, дзе стадыён, была пахавана мая бабуля, ляжалі мае сваякі. Дзе зараз іх косці, я не ведаю. Гэтыя могілкі немец не змог знішчыць! То іх знесла савецкая ўлада”.

 

Перапахаванняў ніхто не рабіў. Ды і каму было гэтым заняцца, калі дзеці і ўнукі тых, хто быў пахаваны там, загінулі ў гарадзенскіх гета? Адзінкам цудам удалося выратавацца…

Больш за сорак гадоў ганялі футбалісты мяч па магілах рабінаў і ваданосаў, хітруноў і прасцякоў.

 

Аднойчы, ужо ў цывілізаваным ХХІ стагоддзі, гарадзенская футбольная каманда дамаглася права ўдзельнічаць у еўрапейскім футбольным турніры. Значыць, гарадзенскі стадыён павінен быў адпавядаць еўрапейскім стандартам. Сталі яго рэканструяваць, пясочак экскаватарамі капаць, на машыны грузіць, па розных месцах развозіць. Штосьці пайшло на будаўнічыя патрэбы, а штосьці трапіла ў дзіцячыя пясочніцы. Разам з чалавечымі косткамі.

 

Дзеці спалохаліся, а разам з імі і іхнія бацькі. Па горадзе папаўзлі чуткі, што рэканструкцыя стадыёна стала прычынай масавага захворвання дзяцей. Спалохаліся і ўлады, спрабавалі паціхеньку “замяць” гэтую справу. Але ўзнялі розгалас яўрэйскія арганізацыі. Работы на стадыёне імгненна спыніліся. Улады заявілі, што гатовыя знесці стадыён, які, тым больш, не адпавядае еўрапейскім стандартам. Паколькі могілкі ўжо не адновіш, на гэтым месцы можна было б зрабіць мемарыяльны сквер… Але няхай гораду ўзамен пабудуюць новы стадыён! Калі гаворка зайшла пра грошы для новага стадыёна, жарсці паступова сцішыліся.

 

Каб захаваць прыстойнасць, улады горада ўстанавілі бронзавую памятную шыльду непадалёк ад спартовага комплекса “Нёман”, у склад якога ўваходзіць і стадыён. На шыльдзе няма і згадкі пра могілкі. Выгравіраваны прыгожыя словы на беларускай мове і іўрыце: “Памяці яўрэйскай суполкі, якая з ХІV стагоддзя жыве на гродзенскай зямлі, ад нашчадкаў”.

Фота могілак (даваеннае) і стадыёна (нашыя дні)

 

Шмат хто нават і не ведае, у тым ліку і cамі футбалісты, што яны бегаюць па касцях адных з айцоў-заснавальнікаў гарадзенскага футболу. Гаворка ідзе пра футбалістаў гарадзенскага “Макабі”, частку гульцоў якога спасціг лёс загінуць у гета і якіх пазней пахавалі на гарадскіх могілках. Такі лёс спасціг шмат якія могілкі ў СССР: можам сказаць, што брэсцкі стадыён “Лакаматыў” таксама пабудаваны на касцях.

 

Дарэчы, згадваючы пра футбалістаў “Макабі”, адчуваеш, што тая наша даваенная футбольная гісторыя нібы канула ў вечнасць. Яна літаральна абарвалася на ўзлёце, і цяпер застаецца толькі разважаць, якімі ніцямі звязаны сённяшні “Нёман” і з тым “Макабі”, і з “Тшэцякам”, “Крэсовіяй”, ВКС.

 

Калі глядзець выключна фармальна, то цяперашні гарадзенскі футбольны клуб і згаданыя даваенныя аніяк не перакрыжоўваюцца паміж сабой. Войны, акупацыі, масавыя знішчэнні людзей зрабілі сваю чорную справу, правёўшы рысу паміж эпохамі. Урэшце, Гродна існаваў у складзе розных дзяржаў, з рознымі ідэалагічнымі асновамі і сімваламі… Пасля вайны пайшоў іншы адлік, вобразна кажучы, пачалася новая старонка спартовай гісторыі нашага горада.

 

Аднак і пра даваенныя клубы і іхнія дасягненні гарадзенскім заўзятарам футболу нельга забывацца. Як ні круці, а футбалісты міжваенных дзесяцігоддзяў кавалі славу НАШАГА Гродна, і гэта не чые-небудзь, а НАШЫЯ продкі. Углядаючыся ў фотаздымкі футбалістаў зборнай Гродна, а пазней – “Нёмана” 50-х, дзесьці зусім побач ва ўяўленні праходзяць таямнічыя вобразы гульцоў легендарнай з вышыні сённяшнага часу гарадзенскай “Крэсовіі”. Ці быў бы наш прынёманскі футбол абсалютна такім самым, які ён ёсць цяпер, без той традыцыі, што была трывала закладзена ў дваццатыя гады? Мы ўпэўненыя, што не.

 

Праект “Ведай сваіх” завяршаецца. Далей – новая гісторыя, новыя людзі і новыя дасягненні. Ужо больш як 50 гадоў існуе “Нёман”. На жаль, іншым прафесіянальным камандам Гарадзеншчыны так і не давялося праіснаваць больш за 20 гадоў. Магчыма, калі б не было вайны, сучасны футбол у нашай краіне быў бы зусім іншы. І, напэўна, тон задавалі б іншыя каманды.

 

Падрыхтавана ў суаўтарстве з Валерыем Варановічам. Выкарыстоўваліся матэрыялы газеты “Вячэрні Гродна”. Здымкі з калекцыі “Вячэрняга Гродна” і Віктара Саяпіна.


     
 

Папярэднія выпускі:

 

Частка I: Гісторыя ўзнікнення футбола ў Гродне

Частка II: Гарадзенскi спартовы клуб “Крэсовiя”

Частка III: Забыты клуб – WKS Grodno

Частка IV: Гарадзенскае “Макабi”

Частка V: Успамiны Дзеда Казiка пра гарадзенскае дэрбi i пагромы

Частка VI: Футбол у час акупацыі