Як жартуюць гарадзенскія СМІ 1 красавіка?

Першым, яшчэ 31 сакавіка ў 23.42, пажартаваў autogrodno.by. Сайт для аўтааматараў паведаміў, што ў Гродна прыехаў на здымкі чарговай серыі сваёй культавай праграмы Top Gear зорка ТВ (і не толькі) Джэрамі Кларксан. Нібыта ў Беларусі яго зацікавілі аўтамабілі Geely. Больш чытайце на autogrodno.by

 

Рэгіянальная рубрыка TUT.BY паведаміла (з фота!), што ў Гродне, побач з кіёскамі “Табак”, пачалі ўсталёўваць кіёскі “Кабак”, дзе можна будзе набыць віна пладовыя мацаваныя палепшанай якасці (у народзе – “чарнілы”). Кіёскі нібыта ўсталёўвае адзін з вінзаводаў Гарадзеншчыны. Больш чытайце на TUT.BY

 

Каталіцкі партал Grodnensis.by піша, што паміж Фарным і Бернардынскім касцёламі пабудуюць мост, які будзе вісець па-над дахамі кварталу па вул. Баторыя. Мост дазволіць клерыкам духоўнай семінарыі хутчэй дабірацца на імшу ў Катэдру, а таксама прыцягне турыстаў. Больш чытайце на grodnensis.by

 

Паблік “Тыповы Гарадзенец” спачувае блізкім і родным “ахвяр разбурэння драмтэатру”. Фота “зробленае акурат у момант катастрофы” выглядае так.

 

Блог s13.ru не пакідае ў супакоі танцора Яўгена Якуша. У першакрасавіцкім матэрыяле Якуш “прызнаецца”, што крыніцай натхнення для яго з’яўляецца “поза багамола” і хутка выйдзе ў свет фотаальбом “Багамол танца”. Чытайце больш тут.

 

На сайце 015.by – самая “сумная” фальшывая навіна. Там напісана, што ў межах рэспубліканскага эксперыменту на Гарадзеншчыне зарплаты бюджэтнікаў павялічацца ў два разы.

 

“Твой стыль” жа з нагоды 1 красавіка звязаўся, з дапамогай лепшых удзельнікаў праграмы “Бітва экстрасэнсаў”, з духам Антонія Тызенгаўза і на выгадных умовах набыў усе правы на брэнд “Gazeta Grodzieńska”. Цяпер наверсе нашага сайта вы можаце бачыць наш новы лагатып. Нагадаем, “Gazeta Grodzieńska” выдавалася ў нашым горадзе ў другой палове XVIII ст. Такім чынам, ex-“Твой стыль” робіцца самым старым дзеючым перыядычным выданнем у Беларусі.

 

Віншуем з 1 красавіка, шаноўныя чытачы! Дарэчы, у вас спіна белая!