Куды ў Гродне пайсці ў красавіку раіць Аляксандр Дзянісаў

|

З прапанаваных намі падзей наш эксперт выбраў каля 3/5. Чаму яго незацікавіў канцэрт Макса Каржа, вечар цыганскага рамансу, рэп-фестываль і Дзень яднання Беларусі і Расіі, мы не даведаліся.

 

Аляксандр Дзянісаў: “Я бы абавязкова параіў хадзіць на канцэрты класічнай музыкі. Класіку трэба слухаць, каб развіваць душу і густ! Зразумела, што ў штодзённым жыцці няма часу сесці і паслухаць уважліва добры складаны твор. Для такіх выпадкаў і існуюць такія канцэрты, як той, што адбудзецца 1 красавіка ў музычным каледжы”.

1.04, 18.00. Фартэпіянны канцэрт прафесара Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі Н.Сярогінай і яе студэнтаў В.Бандарэнкі (Беларусь) і Э.Л.Ламбарда (Іспанія). У праграме творы Рахманінава, Клеменці, Шумана, Альбеніса, Шапэна, Скрабіна.


“Яшчэ адно цікавае мерапрыемства гэта акустычны канцэрт Таццяны Салаўёвай і Аляксандра Блахіна. Я не з’яўляюся прыхільнікам творчасці Таццяны, але добра ведаю Сашу. Ён добры таленавіты музыка, грае на шматлікіх інструментах, сам робіць розныя духавыя, струнныя, ударныя інструменты. Я бы параіў пайсці 2 красавіка на канцэрт у антыкафэ, каб паслухаць Сашу і пазнаёміцца з ім!”

2.04, 19.00. Акустычны канцэрт Таццяны Салаўёвай, Аляксандра Блахіна і Ігара Адасіка, антыкафэ “Живое время”


“Нічога не ведаю пра фільм “Шагал – Малевич”, які будзе паказвацца ў кінатэатрах “Кастрычнік” і “Чырвоная зорка”, але назва зацікавіла”.

Ад 3.04 ў кінатэатрах Гродна фільм Аляксандра Міты “Шагал – Малевич”


“Таксама раю прыйсці 3 красавіка на адкрыццё выставы жывапісу Жанны Капуснікавай “Апыленне” ў галерэі “Крыга”. З творчасцю мастачкі я не знаёмы, але ў “Крызе” заўсёды ладзяцца цікавыя выставы!”

Вернісаж выставы 3.04 у 18.00

 

“Усіх, у каго ёсць маленькія дзеткі, напэўна зацікавіць прэм’ера “Винни Пух и все, все, все…” па казцы Алана Мілна. Без дзетак, напэўна не пусцяць, але хто ведае? Варта паспрабаваць пазнёміцца з яшчэ адной інтэрпрэтацыяй філасоўскага твора Мілна. Там сапраўдная філасофія, бо лічу, што Віні Пух – гэта даос , а Пятачок – дзэн-будыст!”

6.04, 12.00. Спектакль “Винни Пух и все, все, все…” ў Драмтэатры

 

“Не ведаю,  што будзе адбывацца 8 красавіка на вечары сучаснай харэаграфіі з камандай “Начало” ў Тэатры Лялек, але, ізноў жа, пайду шляхам сваёй інтуіцыі: усё, што я бачыў у апошні час на сцэне Лялек, было цікава! Таму і іншым раю далучыцца. Ва ўсялякім разе гэта нешта новае”.

8.04, 19.00. Вечар сучаснай харэаграфіі ў Тэатры Лялек

 

“17 красавіка – сустрэча з Іванам Ахлабысціным. Чалавек неардынарны і творчы. Магчыма, я б пайшоў, каб пазадаваць правакацыйныя пытанні!”

17.04, 19.00. Творчы вечар Івана Ахлабысціна “Духоўныя бяседы” ў Драмтэатры

 

“Зразумела, што нельга не пайсці хаця бы на адзін спектакль у межах шэкспірыяды!”

22-30.04. “Красавіцкая Шэкспірыяда” ў Тэатры Лялек

 

“Асабіста мяне ў праграме фестывалю “Хавайся ў бульбу-2014” зацікавіў толькі панк-шансон – “дыназаўры” “Монгол Шуудан”. Але раю тым, хто ніколі не быў, схадзіць паглядзець на добрыя матацыклы!”

25-27.04. Рок-Байк фестываль “Хавайся ў бульбу-2014” на тэрыторыі турбазы “Хімік”.


А куды б параілі схадзіць у красавіку вы? Чакаем вашых адказаў у каментарах.


Здымак Аляксандра Ждановіча, Будзьма