Расстраляны Павел Сялюн, якога гарадзенскі суд прызнаў выніватым у забойстве дзвюх асоб

|

Прысуд быў выкананы нягледзячы на тое, што зварот асуджанага ўсё яшчэ знаходзіцца на разглядзе Камітэта па правах чалавека ААН.

 

Асуджаны, 23-гадовы студэнт гістфаку БДУ, здзейсніў забойства з-за рэўнасці: ён забіў уласную жонку і яе каханка, якіх застаў у кватэры. Цела забітай жанчыны і парэзанае на кавалкі цела мужчыны знайшлі 7 жніўня 2012 у інтэрнаце па вул. Дзяржынскага, 151 у Гродне, дзе жывуць людзі з кепскім зрокам. Цела жанчыны знаходзілася ў адным з памяшканняў, а парэзанае на кавалкі цела мужчыны міліцыя знайшла ў баку для смецця ля пад’езда.

 

Суд першай інстанцыі прыгаварыў Паўла да выключнай меры пакарання. Працэс вёў суддзя Анатоль Заяц. Сялюн падаў касацыйную скаргу на прысуд. 17 верасня 2013 яе разглядала судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам Валера Калінковіча і вырашыла пакінуць прысуд у сіле.

 

Маці Паўла Селюна звярнулася да Лукашэнкі і тагачаснага кіраўніка БПЦ Філарэта з просьбай паспрыяць таму, каб яе сына памілавалі – замянілі смяротнае пакаранне на альтэрнатыўнае – пажыццёвае зняволенне. Сам Павел таксама звярнуўся з прашэннем аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

 

У пятніцу 18 красавіка 2014 года маці Паўла Селюна даведалася ад адваката, што прысуд прыведзены ў выкананне. Адвакат прыйшла на сустрэчу з падабаронным, аднак у СІЗА ёй паведамілі, што Сялюн “выбыў па прысудзе”. Гэта значыць, яго расстралялі.

 

Ніякіх пісьмовых дакументаў ці паведамленняў сваякам Паўла не даслалі. Маці да апошняга не ведала рашэння камісіі аб памілаванні, дату выканання прысуда. У бліжэйшыя дні яна збіралася на спатканне з сынам.

 

Павел Сялюн звяртаўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Паводле п. 92 Правілаў працэдур Камітэта дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту па сутнасці ў ААН.

 

Паводле spring96.org