Рэжысёр фільма “Бабруйск-Дакар” Аляксандр Дзебалюк: “Наступную серыю здымем у Гродне”

|

Рэжысёр фільма Аляксандр Дзебалюк прапанаваў адразу паглядзець фільм, а ўжо потым пагаварыць пра яго і будучае беларускага незалежнага кіно, “калі не закідаеце памідорамі”. Заўважыў, што Гродна – адзін з яго любімых гарадоў і што глядач у Гродне спрактыкаваны, таму здзівіць яго цяжка.

Коратка пра фільм выказаўся так: “Я б ахарактэрызаваў гэта як кінаказку пра Івана-дурака і Васілісу Прамудрую ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Са сваімі лясунамі, пярэваратнямі і сваёй мараллю. Гэта сапраўды казка, таму што ў нас адбыўся маленькі цуд падчас здымкаў: галоўныя героі закахаліся адзін у аднаго і ўжо год разам жывуць. Таму ўсе, што вы ўбачыце на экране, абсалютна рэальна, яны не граюць, яны літаральна жывуць там”.

“Спрактыкаваны глядач” у выглядзе школьнікаў старэйшых класаў насалоджваўся фільмам і смяяўся. Пасля прагляду рэжысёр адказаў на пытанні. У яго пацікавіліся, чаму ў фільме гралі расійскія акцёры, а не беларускія. “Мы падбіралі акцёраў доўга. Але не па акцёрскіх дадзеных, а па суадносінах з рэальнымі характарамі. І ў жыцці Сяргей Чугін такі ж ахламон, а Інгрыд Алерынская – авантурыстка”.

Чаму менавіта Бабруйск? “Апошнім на гэтую ролю мы разглядалі Мінск. Былі варыянты Мазыр, Гродна, Бабруйск. Гледзячы па тым, як нас сустрэлі тут, мы вырашылі, што другую серыю мы будзем здымаць у Гродне. Гэта самы еўрапейскі горад Беларусі, ён заслугоўвае таго, каб тут здымалі”.

 

Таксама рэжысёр заахвоціў жадаючых высылаць яму патрфоліа, бо “працэс здымак становіцца ўсе больш дэмакратычным, мноства жадаючых здымаецца ў розных фільмах. Зараз кожны можа ўзяць фотаапарат з функцыяй відэа і нешта зняць. Дык давайце разам здымаць беларускае кіно!”

Паколькі пытанняў у залы не было, Дзебалюк пачаў расказваць сам: “Калі мы здымалі фільм, быў парушаны добры дзясятак канонаў: мы спачатку мантавалі гукавы шэраг, потым на яго накладвалі відэа. Беларускія калегі крытыкавалі нас, казалі, што гэта нельга паказваць. Але мы вырашылі дачакацца рэакцыі гледача, таму што гэта самая правільная рэакцыя”.

 

І фільм атрымаў прыз глядацкіх сімпатый на фестывалі Bulbamovie ў Варшаве. “Цікава, што там было такое артхаўснае кіно, а мы тут са сваёй папсой прыехалі, але польскамоўны глядач прагаласаваў менавіта так. Прыемна”.

Таксама Аляксандр заўважыў, што “гэты фільм – першыя рухі беларускага незалежнага кіно. Хочацца, каб і іншыя студыі развіваліся і дасягнулі ўзроўню якаснага кіно, маглі канкураваць і перамагаць. З вашай дапамогай усё ў нас атрымаецца”.

 

На пытанне, ці многа ляпаў заўважна ў фільме, зал адказаў: “Дастаткова”. Рэжысёр выказаў надзею, што іх прабачаць, і заахвоціў паўдзельнічаць на старонцы Укантакце ў віктарыне па колькасці ляпаў.

 

Усё ж такі аматары хэпі-эндаў будуць узнагароджаныя: усё ў галоўных герояў будзе добра.

 

Здымкі Сяргея Людкевіча і Алены Кавальчук