Фотарэпартаж: Вялікдзень у грэка-католікаў
Беларускія грэка-католікі, у адрозненні ад украінскіх, трымаюцца грыгарыянскага календара – то бок такога ж, як і ў Каталіцкім касцёле. Але сёлета і “праваслаўны” і “каталіцкі” Вялікдзень супалі, скасаваўшы і гэтую супярэчнасць.
Гарадзенскія ўніяты ў перадвялікодную суботу адслужылі ютрань і літургію, пасля чаго асвяцілі стравы ды перайшлі да “агапы”. Агапа – традыцыйнае хрысціянскае сумеснае хлебапрэламленне, альбо, наўпрост, вячэра.
“Першапачаткова хрысціяне не служылі літургіі, – тлумачыць а. Андрэй Крот, – а збіраліся разам за сталом, як памяць пра “тайную вячэру” Хрыста ды апосталаў. Адсюль пайшла традыцыя еўхарыстыі альбо хлебапраламлення. З часам, каб гэта не ператваралася ў звычайныя банкеты, была ўведзеная асобна літургія з еўхарыстыяй, а пасля яе ўжо – агапа – “вячэра любові” – для ўсіх чальцоў царквы”.
Гэта першы, пасля пяцігадовага “выгнання” Вялікдзень па старым адрасе – Гараднічанская, 32а. Папярэдніх некалькі год цягам рамонту парафія Маці Божай Фацімскай тулілася ў драўлянай капліцы на Дзевятоўцы, каля новага рыма-каталіцкага касцёла рэдэмптарыстаў.
Здымкі Хрысціны Марчук