Топ-5 цяжкадаступных музеяў Гродна

Музей пажарнай справы

 

Музей у гарадзенскай пажарнай каланчы канца ХІХ – пачатку ХХ стст. адкрыўся ў 2008 годзе, але да гэтага часу туды даволі цяжка патрапіць. Музей зачынены ў суботу і нядзелю, а ў іншыя дні даволі часта ўваходныя дзверы проста зачыненыя.

Экспазіцыя размешчана ў дзвюх залах і вежы. Яна распавядае пра гісторыю развіцця пажарна-выратавальнай справы ад Сярэднявечча да нашых дзён. Сярод экспанатаў – макеты, манекены з узорамі пажарнай формы, фатаграфіі і дакументы, а таксама прыстасаванні для тушэння пажараў.

 

У 2009 годзе ў музеі паклалі пачатак цікавай традыцыі – штодня апоўдні з вежы грае трубач. Пакуль у музей без асаблівых цяжкасцяў трапляюць толькі студэнты або замежныя дэлегацыі – простым турыстам варта паспрабаваць дамовіцца пра візіт загадзя.

 

Музей Паруліса

 

Гэта першы прыватны музей і адзіны, які распавядае менавіта гісторыю горада Гродна. Ці хутчэй нават не горада, а жыцця і побыту гараджан апошніх двух стагоддзяў. У непрыкметным цагляным доме па вул. Лермантава патомны калекцыянер Януш Паруліс сабраў больш за 20 тысяч прадметаў.

Хоць музей момантамі больш нагадвае склад старых рэчаў, раскладзеных выпадковым чынам, пабываць там вельмі цікава. Частка экспазіцыі прысвечана гісторыі вядомых гарадзенскіх сем’яў, ёсць калекцыя меню гарадзенскіх кафэ і рэстаранаў савецкага часу, цікавыя таблічкі са старымі назвамі вуліц, карціны і фатаграфіі. Многія рэчы маюць дачыненне да знакамітых гарадзенцаў мінулых стагоддзяў.

 

Музей працуе без выхадных з 9.00 да 21.00, але вельмі пажадана патэлефанаваць гаспадару і дамовіцца аб візіце загадзя. Квіток каштуе 15 тысяч рублёў, ёсць зніжкі для студэнтаў і дзяцей.

 

Музей “На Траецкай”

 

Музей гісторыі габрэяў Гарадзеншчыны, яшчэ адзін прыватны музей, працуе з мая 2012 года ў будынку Вялікай харальнай сінагогі на вуліцы Вялікай Траецкай, дзе апошнія некалькі гадоў ідзе рэканструкцыя.

Уваход у музей бясплатны, але варта пакінуць ахвяраванне на яго ўтрыманне. Наведвальнікі ўбачаць не толькі залу, прысвечаную габрэям Гарадзеншчыны, але і змогуць прайсці ў прыгожую малельную залу, багата ўпрыгожаную ляпнінай. Там вы можаце таксама сустрэць кіраўніка абшчыны Барыса Максавіча Квяткоўскага, які надоўга затрымае вас у сценах сінагогі сваімі апавяданнямі. Дырэктар музея Беніямін Ерузалім кажа, што ў будучыні музей павінен пашырыцца.

 

Гарадзенская кунсткамера і анатамічны музей

 

Анатамічны музей пачаў стварацца ў Гродне больш за паўстагоддзя таму. Цяпер ён знаходзіцца ў будынку ў самым цэнтры горада, на скрыжаванні вуліц Маркса і Стэфана Баторыя. Існуе распаўсюджаная памылка, што менавіта ў гэтым будынку праходзіла анатамічнае ўскрыццё цела караля Баторыя – першае ў гэтай частцы Еўропы.

Мінулым летам адкрылася абноўленая экспазіцыя пад назвай “Гарадзенская кунсткамера”, якая прымае як адзіночных наведвальнікаў, так і групы. У экспазіцыі прадстаўлены розныя ўродствы чалавечага цела. Квіток туды каштуе 10 тысяч рублёў з чалавека або 110 тысяч за групу да 10 чалавек – у цану ўключана і экскурсійнае абслугоўванне. Групы могуць заадно наведаць і анатамічны музей з экспанатамі ўнутраных органаў чалавека – 10 чалавек заплацяць за ўваход 95 тысяч рублёў.

 

Музей анатоміі і кунсткамера працуюць з 9.30 да 15.30, акрамя серады і чацвярга. Пра візіт варта дамаўляцца загадзя.

 

Аптэка-музей

 

Найстарэйшая ў Гродне аптэка, якая працуе ў гэтым будынку з 1709, хавае за сваімі сценамі невялікую музейную залу з экспазіцыяй з больш чым тысячы экспанатаў: прыбораў, посуду, рэцэптаў, кніг, фатаграфій і рэкламы лекаў пачатку мінулага стагоддзя. Першы музей быў адкрыты ў 1996 годзе, у сярэдзіне 2000-х перажыў рамонт.

Музей аптэкі працуе з 9.00 да 17.00, акрамя панядзелка і нядзелі, але часта бывае зачынены з розных нагодаў.