Эксперымент “Твайго стылю”: эканомім мабільны трафік з Opera Max

Новая распрацоўка нарвежскай фірмы, якая падаравала беларусам сапраўды народны браўзер Opera, абяцае “сціскаць усё”. Тое, што Opera Software гэта сапраўдныя эксперты ў пытаннях эканоміі, вядома даўно. Дагэтуль у Беларусі засталіся людзі, што карыстаюцца мінімалістычнай Opera Mini (дарэчы, нядаўна яна абнавілася), нямала і аматараў мабільнай Оперы для больш моцных смартфонаў. Праўда, пазіцыі нарвежскага браўзера моцна пахіснуў Chrome.

 

Унікальная да нядаўняга часу функцыя эканоміі ў браўзеры Opera для Android дазваляе эканоміць да 74% трафіку. Новая прапанова пад назвай Opera Max сціскае дадзеныя і па-за браўзерам, а таксама ва ўсіх іншых браўзерах. Што праўда, вынік ужо не такі выдатны.

 

Нам удалося дабіцца максімальнай эканоміі ў некалькіх праграмах каля 65-80%, але агулам цягам тыдня выкарыстання сярэдні паказчык склаў 19%.

Першае месца па эканоміі заняў Instagram, у якім удалося зэканоміць 69%. Дакладней, было выкарыстана 4,4 Мб, а зэканомлена ажно  9,2! Наогул, Opera Max візуальна арыентаваная – найлепш яна эканоміць трафік пры праглядзе відэа і фота. Праўда, нам не ўдалося дабіцца эканоміі нават пары кілабайт у YouTube, а Vine мы не карыстаемся.

 

Пасля закрыцця Google Reader мы дастаткова актыўна карыстаемся выдатнай праграмай InoReader і, фактычна, толькі праз яе чытаем навіны. У гэтай праграме для падпіскі на RSS новы інструмент ад Оперы змог зэканоміць 55% – было выкарыстана 9,8 Мб і прыкладна столькі ж зэканомлена.

 

У яшчэ адной карыснай праграме Pocket удалося зэканоміць 53% працэнты прафіку (каля 2 Мб). Такім чынам, калі вы чытаеце падпіскі праз InoReader і час ад часу адпраўляеце цікавыя артыкулы сабе ў Pocket, то можаце зэканоміць палову трафіку.

 

Яшчэ амаль 30% (фактычна толькі 0,4 Мб) мы зэканомілі на выкарыстанні функцыі Google Now у Пошуку Google.

 

У стандартным убудаваным у смартфон браўзеры эканомія дасягнула 27%. Такім чынам цяпер могуць эканоміць тыя, каму не падабаецца знешні від або функцыянал Opera.

На жаль, не ўдалося нічога зэканоміць у Facebook, ВКонтакте і праграмах для абслугоўвання пошты – Opera Max не сціскае дадзеных, што дасылаюцца праз бяспечныя злучэнні. Гэтаксама не ўдасца зэканоміць на запампоўванні файлаў – толькі на сёрфінгу. Не бывае і падвойнай эканоміі – калі вы ашчаджаеце трафік з дапамогай унутраных магчымасцяў браўзера, то другі раз сціснуць дадзеныя не атрымаецца.

 

Дадаткова Opera Max дазваляе прааналізаваць і ацаніць выкарыстанне мабільнага трафіку рознымі праграмамі, усталяванымі на тэлефоне, а таксама забараніць выкарыстанне мабільнай сувязі некаторымі праграмамі, што вельмі зручна і карысна.

 

Распрацоўшчыкі пераконваюць, што спалучэнне праз VPN, якое дазваляе сціскаць дадзеныя, не ўплывае на выкарыстанне энергіі смартфонам, але ў практыцы нам падалося, што мабільны пачаў разладоўвацца значна хутчэй.

 

Праграма пакуль што цалкам бясплатная, трэба толькі кожныя пяць дзён націскаць кнопку “падзарадкі”. Мяркуем, што яе варта ўсталяваць кожнаму каб ацаніць, ці рэальна ў вашым канкрэтным выпадку ашчадзіць з яе дапамогай трафік. Мы вынікам хутчэй задаволеныя, хаця чакалі большага. Праграма больш за ўсё павінна спадабацца аматарам Instagram.

 

Таму, калі вы не любіце браўзер Opera ў версіі для тэлефона ці планшэта, а хочаце эканоміць трафік на чытанні “Твайго стылю” – усталёўвайце Opera Max.

 

Спампаваць можна тут