Гастранамічная мапа Гродна: бар “Амігас”
Схаваны ад непрысвечаных людзей у двары за “Баторыяй” і гатэлем “Нёман”, у падвале новабуда – кветкавай крамы, тапас-бар “Амігас” стаў яшчэ адной адметнай кропкай
Некаторыя гарадзенцы могуць памятаць, што кароткі час у гэтым самым падвале знаходзілася безыдэйная забягалаўка – фаст-фуд у стылі “Калабкоў”. Цяпер жа падвал занялі мексіканскія “амігас” – людзі, якія ўсім і кожнаму сябры. Ад папярэдніх арандатараў засталася дурацкая плітка на сценах, але “амігасы” ўжо яе перамаглі і размалявалі ўсе сцены так, што спадабаецца нават ацтэцкаму богу Тэскатліпоку.
Адразу трэба зазначыць, што “Амігас” – не месца для таго, каб з’есці абед. Бар арыентаваны на піва ды алкаголь памацней, а таксама кактэйлі. Раім пакаштаваць жывое піва з мінскага бровару BierBank – не факт, што яно спадабаецца вам больш за звычайнае “Лідскае”, якое таксама ёсць у наяўнасці, але варта нават просто даведацца, што зараз вараць у малых беларускіх піваварнях. Кошт піва (ёсць яшчэ “Лідскае” і “Карльсберг”) – каля 30 000.
Да піва вам прапануюць адмысловыя чыпсы “начас” з рознымі дадаткамі і соўсамі, як вострымі, гэтак і не вельмі – ёсць, напрыклад, вельмі прыемны салодка-кіслы соўс. З больш сур’ёзнай ежы – кесадзілья, два віды салата (у талерцы з бліна, якую можна з’есці) і курыца па-мексіканску – усё ў ваколіцах 50 000 за порцыю. Фірмовая страва з ялавічыны Чылі Кон Карне каштуе 80 000. Кава – 15 000, чай – 20 000.
У “Амігас” любяць эксперыменты, таму часам у меню з’яўляюцца новыя нечаканыя прапановы – нядаўна, напрыклад, праходзіў уікэнд індыйскай кухні.
Інтэр’ер вытрыманы цалкам тэматычна і ўвесь час узбагачаецца – бутэлькі ад тэкілы і велізарныя самбрэра – толькі першае, што кідаецца ў вочы. Толькі драўляная мэбля вельмі нагадвае надакучлівую Ikea, а крэслы ля бара аддалена падобныя на… офісныя. Фонавая музыка вельмі цешыць – нават дзіву даешся, колькі гаспадарам бару ўдалося адшукаць лацінаамерыканскіх мелодый. А па панядзелках тут грае рок.
У “Амігас” часта грае выдатны гарадзенскі кавер-гурт Beach Boogie Band – многія могуць памятаць іх вакаліста Сашу Гайваронскага як харызматычнага вулічнага гітарыста сярэдзіны 2000-х. Падаецца, што барчык зусім маленькі, але нейкім чынам туды змяшчаюцца музыкі ды яшчэ застаецца дастаткова месца, каб патанчыць. Бывае і электронная музыка, а па серадах – настольныя гульні ад “Кубіка”. Як ні дзіўна, але мексіканскі бар спраўна адсвяткаваў Дзень святога Патрыка – маўляў, у гэты дзень кожны становіцца ірландцам.
Wi-Fi тут няма па ідэалагічных прычынах – гаспадары лічаць, што гэта забівае сяброўскую атмасферу. Затое з пацяпленнем на вуліцы з’явілася летняя пляцоўка.
“Амігас” – вельмі адметнае месца на гастранамічнай мапе Гродна. Яно адкрылася трошку “сыраватым”, але за некалькі месяцаў працы дайшло да патрэбнай кандыцыі. Кошты тут не завоблачныя, атмасфера прыемная і лёгкая, меню ў парадку. І самае галоўная – клёвая культурная праграма.
Бар працуе:
Пн-чц: 18.00-24.00
Пт: 18.00-2.00
Сб: 12.00-2.00
Нд: 12.00-24.00
Пазнаёміцца з інтэр’ерам бара прапануем на фота, якія наша карэспандэнтка Алена Кавальчук зрабіла падчас чэмпіянату па настольнай гульні “Ticket to Ride”, апошні дзень якога прайшоў акурат у бары “Амігас”.
Іншыя гарадзенскія бары, кавярні і рэстараны шукай на нашай мапе ніжэй.
View Мапа гарадзенскіх кавярняў, бараў і рэстаранаў in a larger map