Трэба так! Новыя конкурсы і намінацыі Пятага AD.NAK!
У гэтым годзе Фестываль узмацняе выснову: калі ты хочаш быць заўважным, заўважаным і паважаным, трэба дбаць пра свае – беларускія – інтарэсы (асабістыя і/ці карпаратыўныя), абапіраючыся на нацыянальнае, ментальнае. Тады ты паспяховы, тады ты ў трэндзе, ты – адметны! Асноўная думка, якую нясе Фестываль сёлета, – “Думай глабальна – дзейнічай лакальна!”. Карыстаючыся гэтым лозунгам, Фестываль AD.NAK! сёлета абвяшчае: “Трэба так! Дбай пра сваё – не прагадаеш!”
Чым адрозніваюцца НАМІНАЦЫІ ад КОНКУРСАЎ? Галоўнае адрозненне ў тым, што ў НАМІНАЦЫЯХ могуць удзельнічаць толькі рэальныя, зацверджаныя замоўцамі і рэалізаваныя праекты.
У межах КОНКУРСАЎ жа ўдзельнікам прапануецца праявіць свой крэатыў, стварыць работу па зададзенай тэме і такім чынам удзельнічаць у праграме Фестывалю. Конкурсы ладзяцца найперш для таго, каб прыцягнуць маладыя таленты, для якіх у пачатку прафесійнага шляху вельмі важная практычная рэалізаванасць сваіх працаў.
Шмат якія намінацыі ўжо знаёмыя ўдзельнікам Фестывалю з мінулых гадоў. Сярод новых намінацый варта адзначыць МАРКЕТЫНГАВУЮ ЭФЕКТЫЎНАСЦЬ і ІНАВАЦЫІ. Нагадваем, што да ўдзелу ў намінацыях запрашаюцца аўтары рэалізаваных беларускамоўных рэкламных і маркетынгавых праектаў, якія не ўдзельнічалі ў фестывалях мінулых гадоў. Аднак прадугледжаная намінацыя, у якой можа паўдзельнічаць любы чалавек, неабавязкова рэкламіст. У намінацыю “Каша сувораўская” можа трапіць любы здымак факту (надпіс, выява, шыльда), што паказвае ці ўжывае памылковыя гістарычныя і культурніцкія стэрэатыпы ці зроблены супраць усіх канонаў рэкламнай логікі.
Частка конкурсаў набудзе новы фармат воркшопаў. У гэтым фармаце пад кіраўніцтвам прафесійных куратараў удзельнікам прапануецца стварыць вонкавую і друкаваную рэкламы на злабадзённыя тэмы – супраць распаўсюду і ўжывання моладдзю сінтэтычных наркотыкаў (AD.NAK! СУПРАЦЬ DRUGS) і папулярызацыя безнаяўных разлікаў у краіне (ПЛАЦІМ БЕЗНАЯЎНА). Партнёрам конкурсу “Плацім безнаяўна” выступіла плацёжная сістэма Рэспублікі Беларусь “Белкарт”.
У гэтым жа фармаце пройдзе конкурс ІНФАГРАФУЙ ГІСТОРЫЮ AD.NAK!, у межах якога канкурсанты зробяць сучасную інфаграфіку, прысвечаную гісторыі Фестывалю.
Арганізатары ўпэўненыя, што фармат воркшопа дапаможа атрымаць у выніку праекты пэўнага ўзроўню, якія змогуць стаць асновай для стварэння і рэальнага распаўсюджвання ідэі ў розных фарматах – на білбордах, постарах, у друкаваных СМІ і інш.
Конкурс БРЭНД-ПЕРАЗАГРУЗКА развяжа рукі рэкламшчыкам і прапануе ўдзельнікам ператварыць мясцовыя гандлёвыя маркі і брэнды так, каб яны адназначна ўспрымаліся як беларускія. Згоду здацца на літасць дызайнерам далі “Онега”, AIST, “Сочный” і M1NSK.
Яшчэ адзін сёлетні конкурс – ЗДЗІВІ ІНТУРЫСТА! У яго межах удзельнікам прапануецца стварыць дызайн-канцэпт беларускіх сувеніраў, што будуць вырабляцца ў прамысловых маштабах: ільняная торба, майка, кубак і нататнік.
Пераможцаў намінацый і конкурсаў чакаюць павага, прызнанне і каштоўныя прызы ад партнёраў Фестывалю. Генеральны партнёра AD.NAK! у гэтым годзе – кампанія velcom.
Як заўсёды, удзел у Фестывалі БЯСПЛАТНЫ!
Дэдлайн прыёму працаў – 9 чэрвеня. Фінальная частка Пятага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! – урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адметнай адукацыйнай праграмай з удзелам замежных экспертаў – пройдзе 27 чэрвеня ў Мінску.
Усе падрабязнасці пра Фестываль, намінацыі і ўмовы ўдзелу ў воркшопах шукайце ў адпаведных раздзелах сайта Фестывалю Adnak.by. Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся па тэлефонах: +375 29 177-0121, 29 755-1434. E-mail: adnak@budzma.org.
Трэба так! Дбай пра сваё – не прагадаеш!
align=”middle” alt=”фестываль AD.NAK” >