Фотафакт: Новае антыамерыканскае графіці ў Гродне

, | Без катэгорыі

На белым мураваным паркане шклозавода зноўку з’явіліся графіці з абразамі ў бок ЗША. Гэтым разам “маляры” расшыфравалі ЗША як “Сатанінскія Штаты Амерыкі”, прымаляваўшы побач свастыку ды не вельмі пісьменны праклён (цікава, што з беларускім “дз” у слове “будзь”).

 

Раней, у сакавіку 2014, “Твой стыль” ужо пісаў пра серыю графіці ў тым жа месцы з абразамі ў бок ЗША ды блоку NATO. Пасля нашай публікацыі малюнкі неўзабаве зафарбавалі.

 

Графіці робяцца адмыслова каля чыгуначных шляхоў, каб іх маглі ўбачыць пасажыры электрычкі на Кузніцу – адзінага чыгуначнага шляху злучэння горада з Польшчай. Графіці каля шляхоў злучэння – ход, які выкарыстоўваецца рознымі каляпалітычнымі арганізацыямі ва ўсім свеце: так лёгка паказаць жыхарам і гасцям горада “хто тут гаспадар”, стварыць эфект прысутнасці.

Надпісы робяцца ўжо з пэўнай перыядычнасцю, то бок наўрадці гэта наўпрост забава маладзёнаў ад няма чаго рабіць. Невыпадковым падаецца момант з’яўлення такіх малюнкаў: пачынаючы з сакавіка Расія распачала вайсковую актыўнасць у Крыму, градус шавіністычных і антыамерыканскіх настрояў з гэтага часу свядома падаграецца праз расійскія СМІ, адміністратыўны рэсурс РФ ды прарасійскія арганізацыі ў самой краіне і за яе межамі.

 

Такім чынам, напрошваецца выснова: у Гродне магчыма дзейнічаюць прарасійскія актывісты, якія свядома распальваюць антыамерыканскія настроі.