МЗС Беларусі: Малы памежны рух можа значна павысіць нагрузку на пункты пропуску

|

Круглы стол па тэме “Перавагі Малога памежнага руху для беларуска-польскага памежжа” прайшоў 21 мая па ініцыятыве кампаніі “За малы памежны рух!” – яе праводзяць актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

 

Ініцыятары кампаніі напярэдадні круглала стала звярнуліся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з просьбай паскорыць рэалізацыю пагадненняў і назваць дату пачатку бязвізавага руху ў прымежных з Польшчай і Літвой беларускіх рэгіёнах. Нагадаем, што Малы памежны рух паспяхова дзейнічае на мяжы з Латвіяй.

 

У афіцыйным адказе беларускае МЗС патлумачыла, што галоўнай прычынай затрымкі з’яўляецца перасцярога беларускіх улад наконт “значнага павышэння інтэнсіўнасці руху і, як вынік, павелічэння нагрузкі на існуючыя пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу”. Менавіта таму ў дадзены момант беларускі бок вывучае здабыты на мяжы з Латвіяй вопыт, каб мець магчымасць забеспечыць бесперабойную працу памежнай інфраструктуры.

 

Пачаткова актывісты звярталіся да мясцовых дэпутатаў, якія павінны былі быць найбольш зацікаўленыя ў прасоўванні бязвізавага руху, аднак старшыня аблсавета па сутнасці пытання не адказаў і параіў акурат звяртацца ў МЗС.

 

Лічбы адносна рэальнай нагрузкі на беларуска-латвійскую мяжу агучыў на сустрэчы адзін з ініцыятараў кампаніі “За малы памежны рух!” Зміцер Кухлей. Па яго словах, там не з’явіліся вялізныя чэргі – малым памежным рухам карыстаецца толькі невялікая часта з патэнцыйнага мільёну ўдзельнікаў – жыхары мястэчак і вёсак, што маюць сваякоў з іншага боку мяжы. Цягам першых 10 месяцаў рэалізацыі пагаднення з Латвіяй беларусы атрымалі толькі 100 дазволаў, латвійцы – крыху болей за 8 000. “Тым больш, чэмпіянат свету па хакею паказаў добрую працу памежнікаў нават падчас наплыву турыстаў”, – рэзюмаваў Кухлей.

 

У прыклад ставіліся таксама дамовы аб малым памежным руху з Украінай, Малдовай і Расіяй, якія паказваюць, што нідзе не ўзнікалі буйныя тэхнічныя праблемы, звязаныя з адкрыццём бязвізавага руху. Гэтак, пераход мяжы паміж Калінінградскай вобласцю і Польшчай стаў звычайнай справай для шматлікіх мяцовых жыхароў і прыносіць узаемную выгоду абодвум бакам.

 

Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч звярнуў увагу на турыстычны патэнцыял памежных беларускіх тэрыторый – многіх палякаў можа прыцягнуць турызм, заснаваны на доўгай агульнай гісторыі. Такім чынам бязвізавы памежных рух можа прычыніцца да развіцця турызму – мэты, якую не першы год без асаблівых поспехаў пераследуюць беларускія ўлады. Консул адзначыў, што польскія ўлады ўздымаюць пытанне бязвізавага руху на сустрэчах з беларускімі афіцыйнымі прадстаўнікамі.

 

Паводле bchd.info

Здымкі bchd.info і racyja.com