Гарадзенскае радыё НБК: успамінае Ніна Палуцкая
Чаму такая дзіўная назва – НБК – і што яна значыць?
Тут усё проста. НБК – Ніна Банк Комплекс. “Комплекс-банк” у час заснавання радыё быў нашым спонсарам, таму такая назва.
Які быў фармат радыё?
Першапачаткова мы, канечне, былі забаўляльным радыё. Мы любілі розныя конкурсы, і народ вельмі актыўна на іх рэагаваў. Мы раздавалі прызы, і народ згадваў гэта яшчэ вельмі доўга. Але ў 1994 годзе прэзідэнтам быў абраны Лукашэнка, і хутка медыі, якія толькі нараджаліся, адчулі на сабе ціск.
Прычынай закрыцця радыё стала згадка ў эфіры пра артыкул тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага “У Беларусі запахла фашызмам”. Пасля гэтага быў заблакаваны рахунак, і радыё перастала існаваць.
Усе памятаюць рэферэндум 1996 года. Сямён Шарэцкі, які кіраваў тады парламентам, надрукаваў у “Народнай волі” гэты артыкул, і я не магла яго не згадаць. І пасля гэтага да нас прыйшлі. Прыйшоў чалавек, які сказаў, што ён са службы кантролю прэзідэнта і заявіў, што ён да нас з праверкай і павінен забраць усю маю дакументацыю. Я вельмі здзівілася. А на наступны дзень у нас заблакакалі разліковы рахунак. І мы больш не маглі весці ніякай дзейнасці.
Набліжаўся юбілей – тры гады існавання нашага радыё. Пачыналі мы працу ўвосень 1993 года і кожную восень рабілі нейкі канцэрт: спачатку рок-канцэрт, затым фэст “Саламяная шляпа”, а трэцім святкаваннем мусіла стаць святкаванне ў лялечным тэатры. Мы праплацілі арэнду, сабралі гледачоў. Мы яшчэ фармальна існавалі, але, на маю думку, гэта была бяседа падчас чумы.
***
Пасля працы на радыё спадарыня Ніна паспела папрацаваць у некалькіх гарадзенскіх выданнях, карэспандэнтам БДГ па Гарадзеншчыне. Цяпер Ніна Палуцкая жыве ў Літве, недалёка ад Друскенікаў, і займаецца экалагічнымі праектамі.
Фота з асабістага архіву Ніны Палуцкай