Беларускія “лясныя браты” ў новым кліпе гурта Dzieciuki

Кліп на песню “Лясныя браты” з альбома “Гарадзенскі гармідар” вырашылі здымаць у лясах пад Горадняй ля самай літоўскай мяжы. У якасці акцёраў выступіў гурт амаль у поўным складзе ў форме партызанаў 1940—1950-х гадоў. Як рэжысёр і аператар за справу ўзяўся Антон Цялежнікаў, вядомы сваімі дакументальнымі стужкамі “Беларускі супраціў” ды “Праклятыя і забытыя”, у якіх ідзецца пра невядомыя старонкі нацыянальнага супраціву падчас ды пасля Другой сусветнай вайны.

 

Вакаліст гурта Алесь Дзянісаў не баіцца абвінавачанняў у пераглядзе гісторыі ды лічыць, што час ужо прызнаць існаванне такой з’явы, як антысавецкі супраціў і пачаць пра яе казаць уголас.

 

“Тут, у Заходняй Беларусі, няшмат людзей лічыла СССР сваёй радзімай, — кажа Дзянісаў, гісторык паводле адукацыі, — за пару гадоў і беларусы, і палякі, і літоўцы паспелі адчуць на сваёй скуры “хараство” новай камуністычнай улады і зрабіць высновы. Казаць, што большасць насельніцтва была на баку саветаў ці немцаў, — гэта глупства і лухта.


Людзі хацелі міру і спакою, а не расстрэлаў і рабаванняў, якія прынесла вайна, што тут пачалася, дарэчы, у 1939-м, а не ў 1941-м. Таму тыя, хто бачыў, што камуністы і нацысты — абое рабое, лічылі адзіным выйсцем узброены супраціў ды сыход у лясы”.

Зусім нядаўна ў адкрытым доступе з’явіўся першы анімаваны кліп гурта на песню “Ладдзя Роспачы”, якая ўвойдзе ў наступны альбом. Хутка, у пачатку ліпеня, скончацца здымкі відэа на песню “Сумнае рэгі” з таго ж “Гарадзенскага гармідару”. 80% матэрыялаў для кліпа ўжо адзнятыя ў Курапатах ды Хатыні, таму найбліжэйшым часам Dzieciukі пацешаць сваіх фанатаў адразу дзвюма прэм’ерамі.