Марафон Сяброўства “Друскенікі-Гродна 2014”: мінулагодні пераможца палепшыў свой вынік (фота)

|

117 чалавек выйшла 20 ліпеня ў 8 гадзін раніцы на старт марафону ў Друскеніках. Хутчэй за ўсіх пераадолеў адлегласць да Гродна спартовец з Магілёва Сцяпан Рагаўцоў, які перамог ужо другі год запар.


Рагаўцоў (на фота вышэй) пераадолеў шлях з Друскенік у Гродна з 2 гадзіны 28 хвілін, крыху палепшыўшы свой папярэдні вынік. Дарэчы, Сцяпан мае жаданне пакінуць Магілёў і пачаць выступаць за Гродзенскую вобласць.

Лепшай сярод жанчын стала украінка Крысціна Багамягкава (на фота), якая скончыла дыстанцыю за 3 гадзіны 3 хвіліны і 52 секунды.

Па ўсёй трасе ад Друскенік да Гродна кожныя 2,5 км былі арганізаваныя пікеты з вадой і ежай, а ў трох месцах МНС арганізавалі своеасаблівыя “фантаны”, каб марафонцы маглі трошку астудзіцца – дзень быў сонечны і надвор’е было гарачым.

 

Бегуноў суправаджалі суддзі на роварах, міліцыя і хуткая дапамога. У некалькіх месцах трасы, напрыклад у Гожы, невялікія групы мясцовых жыхароў арганізавана віталі спартоўцаў з шарыкамі і сцяжкамі.

 

Першыя шэсць пераможцаў у агульным заліку, асобна сярод мужчын і сярод жанчын, атрымалі грашовыя прызы: за першае месца 1000 долараў, за шостае – 100.