Вяселлі, сярэднявечная рэканструкцыя і шляхецкія балі: якія беларускія элементы ёсць у сучасным забаўляльным бізнесе?
Ток-шоў на тэму “Беларускасць як канцэпцыя святочнай індустрыі” зладзіла 5 жніўня ў Гродне кампанія “Будзьма беларусамі”. У якасці мясцовых экспертаў выступілі акторы і папулярныя вядоўцы вяселляў Віктар Шалкевіч і Аляксандр Енджэеўскі, адмыслоўцы па традыцыйнай беларускай культуры Антон і Наста Янкоўскія, а таксама рэканструктары з рыцарскага клуба “Дружына Патрыка”. З Мінска прыехалі прадстаўнічкі музычна-гістарычнага праекта “Doux souvenir”, якія рэканструіруюць шляхецкія балі ХІХ стагоддзя, а таксама Алена Церашкова, якая ладзіць беларускія святы для дзяцей у школе.
Удзельнікі коратка расказалі пра сябе і пра тое, якім чынам яны ў сваёй працы выкарыстоўваюць беларускія традыцыі. Гэтак, Віктар Шалкевіч адзначыў, што маладыя, якія хочуць зладзіць вяселле ў беларускім стылі, павінны перадусім самі добра разумець, навошта ім гэта. У Шалкевіча багаты досвед працы тамадой: ён правёў каля 400 вяселляў і толькі 16 пар пазней разышліся. З ім згодныя і Антон ды Наста Янкоўскія, якія сваё вяселле зладзілі не проста “ў беларускім стылі” – гэта было сапраўднае традыцыйнае вяселле. Яны раяць маладым не баяцца таго, што госці не зразумеюць і не будуць ведаць, што рабіць – досвед паказвае, што такія вяселлі, наадварот, надоўга пакідаюць ва ўсіх прысутных добрыя ўспаміны. Гэтаксама і іншыя традыцыйны забавы, такія як танцы або калядаванне, якія Антон і Наста разам з аднадумцамі ладзяць у публічнай прасторы, прыцягваюць шмат удзячнай публікі.
Нягледзячы на назву, гродзенскі рыцарскі клуб “Дружына Патрыка” не мае нічога агульнага з Ірландыяй. Аказваецца, Патрыкам звалі аднаго з гродзенскіх князёў XIV ст. Яго прадстаўнікі расказалі пра тое, як паслугамі рыцараў карыстаюцца арганізатары вяселляў, дзяржаўныя музеі і нават каталіцкі касцёл. Аднак асноўным заняткам рэканструкцыя пакуль стаць не можа. Гэтак, чамусьці не карыстаюцца папулярнасцю анімаваныя экскурсіі. Чаму мясцовыя турфірмы не спяшаюцца карыстацца паслугамі рыцараў, прадстаўнікі “Дружыны Патрыка” не ведаюць.
Калі ў большасці людзей традыцыйная беларуская культура асацыюецца з вясковым побытам, дык мінскі праект “Doux Souvenir” разбівае гэты стэрэатып. Яго ўдзельнікі рэканструіруюць шляхецкія балі ХІХ стагоддзя – ды настолькі паспяхова, што іх запрашалі выступаць на адной з мінскіх пляцовак у час чэмпіянату свету па хакеі. Ёсць попыт на іх паслугі і ў музеяў, і ў арганізатараў карпаратываў. Але, як і ў выпадку з гродзенскімі рыцарамі, у бізнесе яны робяць яшчэ толькі першыя крокі.
Некалькі дзясяткаў гродзенцаў, што сабраліся на дыскусіі, у самым канцы мелі магчымасць пабачыць эксклюзіўнае відэа другой паловы 90-х – фрагменты з вяселля Лявона і Ганны Вольскіх, на якіх маладыя разам з гасцямі гулялі ў пэйнтбол у антуражы Беларускай Краёвай Абароны. Праўда, не ўсе ацанілі ідэю, бо ў канцы можна было пачуць пытанне: “А што ў гэтым было беларускага?”