Другая беларуская група для самых маленькіх набраная ў Гродне

Вольга Валько (на фота), маці трохгадовага Станіслава, які залічаны ў новую групу, кажа, што зусім не цяжка было адкрыць беларускую групу:


– Гэта вельмі лёгка, ніякіх перашкодаў, галоўнае – самаарганізацыя, жаданне і трошкі інфармацыйная падтрымка, каб людзі ведалі. Ніякіх праблем я не бачу, і кажу сур’ёзна, што на наступны год, калі гэтым нехта захоча займацца, то галоўнае, каб былі людзі, якім гэта вельмі трэба, а ўсе астатнія людзі тады аб’ядноўваюцца гурточкам вакол. Патрэбна проста жаданне. Ніякіх перашкодаў няма. Толькі падтрымка – і з боку садочку, і з боку аддзелу адукацыі: “Калі ласка, прыходзьце, калі ласка стварайце”.


Бацькі не наракаюць на няміласць сістэмы. Самі захацелі і зрабілі. За іх кошт зроблены рамонт памяшкання, дзе будуць выхоўвацца іх дзеткі па-беларуску. Разам з групай прыйдзе і свая выхавацелька, якая, натуральна, ўвесь час карыстаецца беларускай мовай. Стварэнне новай групы не магло б прайсці лёгка, калі б не вопыт папярэдняй, першай беларускай групы ў садку №45 Гродна, якая існуе ўжо два гады.