Гарадзенскі Хэмінгуэй: Віно, кава, біфштэкс за тры рублі. Рэстараны паваеннай Гародні
Пан Януш, альбо “гарадзенскі Хэмінгуэй”, праводзіць нас у свой адзіны пакуль прыватны музей у горадзе. Праходзячы міма барочных шафаў, перадваенных партрэтаў Касцюшкі, куфраў, трапляем да століка, выкладзенага рэстараннымі меню ды кілішкамі рознага памеру ды формы.
Тут пан Януш нібы знаёміць са сваімі старымі сябрамі: “З гэтых пілі лікёр да кавы. Гэта “карчмувка”… Гранёная шклянка прыйшла разам з “першымі саветамі” ў 39-м. Дагэтуль гарэлку пілі з кілішкаў, а пасля толькі пачалі шклянкамі.”
Самагон вазілі з пушчы
Як вы асабіста пазнаёміліся з алкаголем?
У траўні 1943-га бомба ўпала недзе побач з домам, дзе жыла мая цяжарная маці. Яе адкінула з ложка на некалькі метраў, і пачаліся заўчасныя роды. З двойні выжыў толькі я, брат Анджэй памёр праз тры месяцы. Я быў хударлявы і хваравіты. А мая бабка – напалову літоўка – варыла піва, рэцэпт, на жаль, не захаваўся. Піва было цёмнае і пеннае. Яна налівала паўкуфля, кідала туды яйка ды сыпала цукровы парашок, ішла пена… Мне было гадоў пяць-шэсць, бабця тады мяне так і выгадавала. Звычка засталася дагэтуль: люблю піва.
Калі мне было гадоў пяць-шэсць, у бочцы з півам, якое таксама рабіла бабка, неяк выбіла кран – усе сенцы былі ў пене. Мне, смаркачу тады яшчэ, сягала па калена. Яшчэ, згадваю, як дзядзька сабе наліваў таго піва ў літровы куфаль, выпіваў, а пасля ішоў, хістаючыся з боку ў бок. Моцнае было, відаць (смяецца).
Шмат наогул пілі пасля вайны?
У той час не пілі шмат, павальнага п’янства не было. Зразумела, былі святы: Раство, Вялікдзень… Было і віно, і гарэлка… хаця якая гарэлка? Самагонка! Памятаю, што ў крамах гарэлку вельмі доўга ніхто не купляў: вазілі з Пушчы, з Лоек, з Беражанаў. Тут побач быў кірмаш, а дзед мой быў кавалём: падкоўваў коней, чыніў бляханы, падпольна рабіў самагонныя апараты таксама.
Мая стрыечная бабка гандлявала самагонам, уласнаручна настоеным на зёлках. Была яна малапісьменная, таму тых, хто да яе прыходзіў, запісвала на дзвярах з унутранага боку. У людзей жа было няшмат грошай, жылі ад палучкі да палучкі, заробкі мізэрныя. Ці не баялася міліцыі? Мабыць, не. Бо прадавала толькі суседзям, тым, каго асабіста ведала.
“Распівацца” пачалі за савецкім часам
Пілі ўсё ж такі больш да вайны ці пасля?
Побач з намі быў вінзавод, цяпер – лікёра-гарэлачны. Дык маці расказвала, што калі першыя чырвонаармейцы заехалі ў горад у 1944-м, дык так з тых чанаў хлябталі, што пасля там жа і плавалі ў віне. На піўзавод адразу пасля “штурму” горада таксама зарулілі палутаркі, казалі, і там тое ж самае. “Гасілі” ўсё, што было можна.
Распівацца наогул пачалі за савецкім часам. Бацька, памятаю, ішоў у “гандэлэк” – нешта накшталт гандлёвай кропкі, браў сабе гарэлкі, а мне ледзяшоў. Запомнілася, што там заўжды было “тлочна”. Па два бакі ад буфету стаялі бочкі, у адной была чорная ікра, у другой – чырвоная. Так закусвалі.
Але грошай у людзей па вайне, як я разумею, асабліва не было…
Так, але ў Гародні працавалі два скурзаводы. Там было поўна спірту – для працы. Плюс да гэтага – піўзавод і вінзавод. Людзі кралі пасля вайны. Таму выносілі і прадавалі найперш суседзям за танна.
Было “чарніла”, але не тое “чарніла”, што цяпер, а цалкам натуральнае, вінаграднае, са слівамі, грушамі… Натуральнае! Я б яго і цяпер піў. У краме побач яго прадавалі за 82 капейкі, але калі прыходзілі рабочыя – па 50. Маляр, сусед, працаваў на скурзаводзе, ездзіў на працу на ровары і кожны дзень заліваў у раму спірт. Такая была схема вынасу. Але ягоны спірт быў з пахам, не зусім чысты. Калі мой дзед наліваў яго ў кілішак і прапаноўваў маляру, той зазвычай адмаўляўся.
Бутэлька самагону на 20 чалавек
Співаліся?
Наш сусед з прозвішчам Геніюш працаваў кіроўцам. Ездзіў на задрыпанай машыне, якая працавала нават не на бензіне, а на драўлянай колатай цурцы. З яго машыны ўвесь час ішоў дымок, як з самавара. Машынаў у горадзе тады было мала, таму за кожнай мы, пацаны, беглі, каб залезці на кузаў і пракаціцца альбо зачапіцца гакам, калі была зіма і слізкая дарога. Дык гэты Геніюш кожны раз, прыязджаючы дадому, глушыў машыну, дачка падыходзіла, адчыняла дзверкі, з якіх ён вывальваўся як сноп. Ростам быў пад два метры, п’яны ўдрызг, толькі мычаў. То нам трэ было шэсць-сем дзяцей, каб яго дацягнуць дахаты (смяецца).
А што? Машынаў было мала, камусьці нешта падвезці, завезці… і паўсюдна налівалі. Тым больш, не забывайце, ДАІ не было ў горадзе – ніхто не сачыў, п’яны ты ці не.
Дзе людзі збіраліся, каб выпіць?
У рэстаранах у 50-я пілі тыя, хто меў грошы: альбо партыйная эліта, альбо злодзеі-крымінальнікі. Пасля вайны мала ў каго было ўдосталь грошай. Звычайна ж збіраліся па кватэрах. Я цяпер акурат рэстаўрую дзедаву грамафонную трубу, каробку шашаль з’еў… Дык вакол гэтага грамафона збіралася ўся сям’я, танчылі, спявалі. Бабка казала, што падчас і пасля вайны так збіраліся з адной бутэлькай гарэлкі ці самагону на… 20 чалавек, уяўляеце? Ну, піва яшчэ было. Але ж хапала!
Калі рабілася цёпла, выходзілі на вуліцу, ставілі лавачкі, пілі ў дварах. На “зялёныя свёнткі” ў траўні ўся блізкая і дальняя сям’я збіралася, вешалі бабчыну бочку з півам на лісапед і ехалі ў лес Пышкі. У краме бралі сітро ды ліманад, усё гэта было натуральным тады, ніякай хіміі! Гэта была такая “маёўка”.
Віно, кава і біфштэкс за тры рублі
А ў рэстаран як вы ўпершыню схадзілі?
Калі мне ішоў пятнаццаты год, а выглядаў я на васямнаццаць, мой сусед Валента Халодны, старэйшы за мяне гадоў на сем, завёў мяне ў рэстаран на рагу Віленскай вуліцы. Прыглушанае святло, столікі, сурвэткі… Было шматлюдна, мы знайшлі вольнае месца і замовілі мятны лікёр.
Пазней вы маглі сабе дазволіць схадзіць у рэстаран самому ці запрасіць каго?
Годзе ў 59-м ці ў пачатку 60-х, калі я быў крыху старэйшы, а ўлетку падпрацоўваў маляром – дапамагаў маляваць касцёлы ды цэрквы, карацей, нешта зарабляў. Хапала на касцюм, абутак ды ў рэстаран схадзіць. Я пазнаёміўся з дзяўчынай і запрасіў яе. Рэстаран на Сацыялістычнай, які цяпер рэстаўруецца, запомніўся мне так: круглая “салька”, пальмы, подыум для музыкаў (ударнік, перкусія, саксафон, флейта, кантрабас). Людзей не было шмат, мы заўжды знаходзілі сабе месца. Замовілі тады каньяк “Пліско”, нешта закусіць, каву ды нейкі біфштэкс. У мяне ў кішэні было тры рублі, у яе нейкая дробязь: па выніку мы і плацілі тры з нечым – у рэстаране! (смяецца)
Мы хадзілі ў рэстараны, каб патанчыць і павесяліцца. Асабліва “балдзелі” ў “Беларусі”. Там быў вялікі зал, аркестр, дзе граў муж маёй стрыечнай сястры, і нам не было праблемаў туды трапіць. Бо ў “Беларусь” стаялі чэргі, каб наведаць. Трэба было дамаўляцца загадзя альбо мець знаёмых. Рэстаранаў у Гародні тады было мала, паверце.
А як перажылі гарбачоўскі “сухі закон”?
Будзеш выходзіць ад мяне, у сенцах стаіць самагонны апарат. Мне яго зрабілі на “Азоце” за часамі перабудовы – я гнаў, праўда, цукровую. Іншай не было. Я адказаў на пытанне?
Фота Хрысціны Марчук