Мастак Сяргей Грыневіч: Калі няма андэграўнду – значыць, “усё можна”

10 верасня вядомы мастак раскажа, як жыве творчы свет горада знутры і зробіць міні-экскурсію па сваёй майстэрні. Гэта першае мерапрыемства ў рамках серыі сустрэч, прысвечаных гарадской культуры Гародні. На сустрэчы гаворка пойдзе пра тое, як час змяняў гарадзенскія творчыя супольнасці, а супольнасці – гарадскую прастору, як культура і субкультура дапамагаюць ствараць “душу і цела” горада. Сустрэча пачнецца 10 верасня ў 18.30 па адрасе: вул. Свярдлова, 2.

 

     
 

Чытайце таксама:

Сяргей Грыневіч: Жывапіс гэта андэграўнд

Сяргей Грыневіч – усе дарогі вядуць у Гродна

 
     

 

“Іду ў сінагогу” – значыць “іду ў мастацкія майстэрні”

 

Вам давялося папрацаваць і за Савецкім Саюзам, і ў 90-я, і ў найноўшы час. Які этап для гарадзенскіх мастакоў быў найбольш творчым?

 

Найбольш плённымі былі ўсё ж такі 80-я. Ну і цяпер крыху нейкі рух з’яўляецца. 90-я былі цяжкім часам ва ўсіх сэнсах: гэта тычыцца і эканомікі, і мастацтва. А 80-я – гэта перабудова, надзеі, маладосць… За гэты час у горад прыехала вельмі шмат маладых мастакоў, выпускнікоў акадэміі, Тэатральна-мастацкага інстытута на той час. Цяпер, кажуць, таксама прыязджаюць, але я іх не бачу.

 

Цяпер сістэма страчаная. Тады прыязджалі па размеркаванні ў вытворча-мастацкія майстэрні, людзі атрымлівалі свае памяшканні, была магчымасць працаваць творча. Зразумела, адзіны шлях – уступіць у Саюз мастакоў. У Мінску быў дэфіцыт і майстэрняў, і замоваў, таму было цяжэй. А тут дыхалася лягчэй, таму я і прыехаў не раздумваючы. У 90-я ўжо ніхто не ехаў сюды…

 

Не маглі дзве гадзіны ўзяцца за працу – абмяркоўвалі Курапаты

 

 

Вы казалі пра росквіт акурат за савецкім часам. А цэнзура не ўплывала?

 

Дык была ж адліга перабудовачная! Канечне, цэнзура была. Вельмі папулярным было абстрактнае мастацтва, андэграўнд. То бок тое, што ва ўсім свеце было папулярна пасля вайны, да нас прыйшло ў 80-я, са спазненнем гадоў на 30. Што казаць, цяпер тыя ж самыя працэсы ідуць… Але гэта быў час маладосці і вельмі вялікіх спадзяванняў.

 

Памятаю, як у мастацкім камбінаце не маглі зранку дзве гадзіны пачаць працу, бо час ішоў на абмеркаванне навінаў з найбольш прасунутых газетаў, “Литературки”, “ЛіМа”. Выйшаў акурат артыкул Пазняка пра Курапаты. Інтэрнэту ж не было.

 

А дзе знаходзіўся камбінат альбо мастацкія майстэрні?

 

У вялікай харальнай сінагозе на вул. Траецкай. Тады так і казалі: “Дзе працуеш?” –  “У сінагозе”. Нават пасля, калі камбінат пераязджаў спачатку на Рыбацкую, пасля недзе ў прамзону каля Белкарда, выраз сярод мастакоў застаўся: “Іду ў сінагогу” – значыць “у майстэрні”.

 

Нехта спіўся, нехта пачаў выкладаць, нехта з’ехаў

 

 

Якіх знакавых асобаў з таго часу вы маглі б прыгадаць?

 

Уладзімір Коўзусь у першую чаргу. Ён працаваў тут з 1975-га, быў старэйшым, але за ім цягнулася моладзь. Ён быў авангардыстам, як бы цяпер сказалі, з “гламурным” ухілам. Уладзімір ужо 20 гадоў жыве ў Амерыцы, піша далей. Ён быў манументалістам і ўвогуле манументалісты тады вялі рэй. Цяпер наўпрост няма замовы, і рэалізаваць сябе ў гэтай спецыяльнасці цяжка.

 

Малады спецыяліст мог зарабіць, нават чарга стаяла з замоўнікаў. 90-я перакулілі ўсё з ног на галаву. Калі знікла дзяржзамова, большасць мастакоў не змагла перабудавацца на новыя ўмовы, яны маглі працаваць толькі калі ведалі, што атрымаюць грошы. А так – здаваць у галерэю ў чаканні невядомасці… Таму нехта спіўся, нехта пачаў выкладаць, нехта з’ехаў.

 

А каго яшчэ з мастакоў вы маглі б назваць?

 

Уладзімір Голуб той жа… Алесь Сураў скончыў вучылішча і адразу пайшоў працаваць у Музей гісторыі рэлігіі і атэізму. Вацлаў Рамашка, Рыта Верамейчык – яна з’ехала з часам назад у Мінск. Былі самавукі, напрыклад, Стась Альшэўскі. Ён быў афарміцелем, але вельмі адораным як шрыфтавік і графік.

 

Пасля прыехала шмат мастакоў, які асталяваліся тут, “у вежах”: Панцялееў, Шоба, Якавенка – ужо на зломе 80-х і 90-х. Папярэдне ж тут быў водаканал, у старых воданапорных вежах.

 

У Смаленску тады малявалі купалы цэркваў ды бярозкі

 

 

Што з сябе ўяўляў андэграўнд за савецкім часам? Былі карціны афіцыйныя і неафіцыйныя?

 

Напрыклад, прыходзіла замова з калгаса альбо з гатэля: намаляваць 10 пейзажаў, каб павесіць у холе. Маляваліся партрэты чальцоў Палітбюро, афарміцелі рабілі плакаты… Але працавалі і творча. Гэтага больш было ў Мінску: Жбанаў, Акулаў, людзі, якія адмыслова не ішлі ў Саюз мастакоў. А былі тыя, хто скончыў Акадэмію, але іх творчасць не ўпісвалася ў стандартныя савецкія рамкі. Але нават гэта андэграўнд з нацяжкай, бо многія з іх былі паспяховымі мастакамі.

 

У Сяргея Асапрылкі было поўна абстрактных працаў. А яшчэ мы сябравалі з мастакамі Панявежыса і Смаленска, ездзілі з выставамі адзін да аднаго. Аднаго разу ладзілі разам з літоўцамі выставу ў Смаленску, і там гэта глядзелася як поўны андэграўнд, бо там маляваліся толькі купалы цэркваў ды бярозкі на той час. Я добра запомніў тады здзіўленую рэакцыю гледачоў, відаць, мы былі больш прагрэсіўнымі.

 

Чаму так?

 

Бо Захад, людзі мелі больш свабоды, больш інфармацыі. Людзі выпісвалі польскія і венгерскія мастацкія часопісы, бачылі тое-сёе па польскім тэлебачанні. На фоне інфармацыйнага дэфіцыту гэта адчувалася.

 

Мы маглі ездзіць у тую ж Прыбалтыку, куды запрашалі абавязкова 1-2 мастакоў са Скандынавіі, і такім чынам мы маглі на свае вочы бачыць сапраўднае заходняе мастацтва. Прынамсі, у параўнанні з расійскай правінцыяй мы былі прасунутыя.

 

Збіраліся ў старой царскай карчме пад сінагогай

 

 

Дзе мастакі традыцыйна збіраліся?

 

На вуліцы Рабочай, у яры пад сінагогай, быў двухпавярховы будынак з паддашшам, старая царская карчма з надзелам зямлі на беразе Гараднічанкі. Фармальна гэта былі майстэрні, там рабіліся пленэры, але там жа можна было ладзіць пікнікі, адзначаць дні нараджэння, увесь час, асабліва цёплай парой, там нехта жыў… Цэнтр горада, Нёман блізка. Сябры заплывалі з Нёмана, сплаўляліся ад Любчы, пасля неслі човен на плячах да нашага дома. Ён там і пазней стаяў, да сцяны прыхілены, пакуль суседзі не скралі…

 

Доўга “жыло” гэтае месца?

 

З 70-х пачынаючы. Новае тысячагоддзе таксама там сустракалі – тады сабралася мастакоў чалавек 40. Асапрылка там нават жыў з сям’ёй – лепш, чым у інтэрнаце. Пры патрэбе наўпрост па схіле падымаліся ў сінагогу. …А цяпер там пусты ўчастак. Знеслі. Рамонт каштаваў грошай, уладам было прасцей пазбавіцца. Аднойчы гарвыканкам запусціў туды інспекцыю, але нехта з нашых мастакоў… не пазнаў мэра. І не пусціў (смяецца). Вось мэр і пакрыўдзіўся…

 

У “Куфэрку”, быў час, збіраліся, на Віленскай. А яшчэ раней там была кавярня “Стоп-топ”, падаецца, аформленая пад Ікарус – унутры ўсё ў жоўта-чорных колерах, нібы ўнутры аўтобуса. Цяпер у нас тут “каля вежаў” ёсць столік, можна пасядзець, можна і барбекю зрабіць.

 

…А мы, мастакі, хочам стаць агратэхнікамі!

 

Чаму 90-я не сталі часам росквіту? Мастакі ж маглі самі зарабляць, прапаноўваць, працаваць аўтаномна.

 

Чаму? У некаторых атрымалася. Той жа Качан стаў прыватным прадпрымальнікам. Мы працавалі з архітэктарамі, якія стварылі фірму “Арніка”, рабілі вітражы. Усё ж такі шмат людзей здолела перабудавацца.

 

Добра памятаю: каля ўнівермага ў 90-я быў доўгі драўляны паркан, на якім мастакі вывешвалі свае працы на продаж. У які момант мастацтва выйшла на вуліцу?

 

Пад канец 80-х, калі дазволілі прадпрымальніцтва. Чалавек плаціў нейкі падатак і цалкам легальна стаяў ды прадаваў свае творы. Мы некалі падышлі да гэтых мастакоў з хлопцамі запыталіся: “А вы хто?” – “А мы агратэхнікі з Верцялішак, стаім ужо трэці год…” – “І як?” – “Добра, зарабляем” – “А мы акурат мастакі, хацелі б перакваліфікавацца ў агратэхнікаў” (смяецца).

 

Цэны там у іх былі невысокія, але і патрабаванні ў спажыўца таксама. Рынак на гэта адрэагаваў, і на кірмашы ў хуткім часе можна было купіць постар у залатой раме – для кватэраў з еўрарамонтамі, што ўдарыла па “заборных мастаках”.

 

Я чуў нават пра рэкет сярод вулічных мастакоў таго часу…

 

Не ведаю, мы з імі мала перасякаліся. Гэта ж як параўноўваць вясельных музыкаў з гармонікамі і сімфанічны аркестр. Розныя плоскасці ў нас. Прафесіяналы там ніколі не стаялі.

 

Якога музея не хапае ў “горадзе-музеі”?

 

 

Для атмасферы горада наколькі важная прысутнасць карцінаў і мастакоў на вуліцах?

 

Гэта сусветная практыка, ва ўсіх “старувках” сядзяць мастакі, якія прапаноўваюць віды Венецыі альбо малююць партрэты. Гэта нармальна. А каб убачыць сучаснае мастацтва, трэба проста зайсці ў галерэю на цэнтральным пляцы любога еўрапейскага горада. У Нью-Ёрку гэта “Гэлэрі-білдынг”, дзе 25 паверхаў займаюць адны галерэі…

 

Можа, у нас чагосьці не хапае ў гэтым сэнсе?

 

Тут я шмат магу расказваць. Мастацкага музея не хапае ў нашым “горадзе-музеі”. У іншых жа абласных цэнтрах ёсць. Няма куды павесці турыста, які цікавіцца мастацтвам. Так, ёсць вялікая калекцыі ў гісторыка-археалагічным музеі, але выстаўляць яе няма дзе, і яна пыліцца ў запасніках. Міністэрства культуры ім рэгулярна дае грошы на закупку сучасных мастакоў. Таму ў такім музеі магло б быць дзве экспазіцыі: адна сталая, другая зменная – для выставаў. У Магілёве і Гомелі таксама няма такіх музеяў, але там ёсць галерэі Вашчанкі і Масленюка, якія выконваюць функцыі абласных мастацкіх музеяў. У нас нічога такога няма.

 

Ну, і няма сучаснай галерэі. Выставачная зала з такой функцыяй не спраўляецца: вышыня столяў 3 метры – гэта не для сучаснага мастацтва. Трэба нейкі прамысловы альбо вайсковы будынак. Камендатура альбо Штаб арміі, напрыклад, якія месцяцца ў цудоўных старых камяніцах.

 

Калі няма андэграўнду – значыць, “усё можна”

 

У адным з інтэрв’ю вы казалі, што цяпер у Гародні няма андэграўнднага мастацтва.

 

Няма…

 

Што вы мелі на ўвазе?

 

Андэграўнд – гэта перажытак савецкіх часоў, калі ўсё забаранялася. Калі яго няма, значыць, “усё можна”… Няма перадумоваў – рабі што хочаш. Але тут уступае ў дзеянне самацэнзура: мастакі чагосьці баяцца і глядзяць на сваю творчасць з камерцыйнага пункту погляду.

 

Вы сумуеце па мастацкім свеце 80-90-х?

 

Не, я гляджу наперад і лічу, што мае найлепшыя творы наперадзе. Азірацца і думаць, што ўсё адышло, неканструктыўна. Трэба працаваць і верыць у лепшую будучыню.

 

Фота Хрысціны Марчук